Пуцін паабяцаў «неўміручасць» расейцам, якія выпраўляюцца на вайну
33- 12.06.2025, 20:51
- 15,284

Страты РФ ва Украіне ўжо дасягнулі 1 мільёна чалавек.
Народ Расеі «несмяротны», а шлях да гэтай «несмяротнасці» ляжыць праз перамогі падчас баявых дзеянняў, заявіў дыктатар РФ Уладзімір Пуцін падчас сустрэчы з удзельнікамі праграмы «Час герояў» у Крамлі.
Паводле словаў Пуціна, думкай пра неўміручасць расейцаў з ім падзяліўся пісьменнік Аляксандр Праханаў, на чыё меркаванне менавіта з неўміручасцю звязаны Дзень Расеі.
«Сапраўды, сэнс сённяшняга дня – у неўміручасці расейскага народа, усіх народаў нашай шматнацыянальнай краіны і нашай дзяржавы, нашай Радзімы – Расеі. А шлях да гэтай неўміручасці ляжыць праз перамогі, якія пракладваеце вы і вашыя баявыя таварышы», – сказаў Пуцін, звяртаючыся да былых удзельнікаў акупацыйнай вайны.
Ён дадаў таксама, што размова ідзе пра людзей, якія «проста ў гэтыя секунды выконваюць свой абавязак перад Радзімай на лініі баявога судакранання, на фронце» (цытаты паводле сайта Крамля).
Паводле звестак выведкі Брытаніі, на пачатак чэрвеня 2025 года страты расейскага войска ва Украіне дасягнулі 1 мільёна чалавек. З іх не менш за 250 тысячаў былі забітыя, а агульныя беззваротныя страты (уключаючы параненых, якія ўжо не вернуцца ў войскі) дасягнулі 400–500 тысячаў чалавек.
З пачатку 2025 года, паводле звестак брытанскай выведкі, расейскае войска панесла страты 200 тысячаў чалавек, у тым ліку забітымі і параненыі. «Найвышэйшае кіраўніцтва Расеі напэўна гатовае мірыцца з хранічна высокімі стратамі да таго часу, пакуль яны не пачнуць негатыўна ўплываць на падтрымку вайны насельніцтвам і элітамі, а таксама пакуль іх можна пакрываць», – піша Мінабароны Брытаніі.