20 чэрвеня 2025, Пятніца, 11:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Колькасць ахвяраў крушэння Boeing у Індыі дасягнула амаль 320 чалавек

2
Колькасць ахвяраў крушэння Boeing у Індыі дасягнула амаль 320 чалавек

Самалёт упаў на жылыя будынкі.

Колькасць ахвяраў крушэння пасажырскага лайнера Boeing 787-8 Dreamliner авіякампаніі Air India у індыйскім горадзе Ахмедабадзе перавысіла 315 чалавек, піша выданне New Indian Express са спасылкай на гарадскую паліцыю. Раней агенцтва Reuters паведамляла пра 290 загінулых. У гэты лік уваходзіць 241 чалавек на борце, астатнія загінулі на зямлі праз падзенне самалёта на жылыя і адміністрацыйныя будынкі. Адзін пасажыр, які ляцеў на месцы 11А, выжыў.

Прадстаўнік паліцэйскай управы Ахмедабада заявіў The New Indian Express, што агульная колькасць ахвяраў авіякатастрофы складае сама меней 316 чалавек – 241 на борце і яшчэ 75 у апартаментах Atulyam Flats, дзе размяшчаўся персанал цывільнай лякарні ў Мегані Нагары.

З 242 чалавек на борце, уключаючы 230 пасажыраў і 12 чальцоў экіпажу, 169 былі грамадзянамі Індыі, 53 – Вялікай Брытаніі, 1 – Канады і 7 – Партугаліі. Сярод пасажыраў налічвалася 104 мужчыны, 112 жанчынаў і 14 дзяцей, у тым ліку два немаўляці.

Адзін з загінулых – былы галоўны міністр штата Гуджарат Віджай Рупані. «Наш лідар Віджай Рупані ехаў (у Лондан), каб сустрэцца са сваёй сям'ёй. Ён таксама з’яўляецца ахвярай гэтага інцыдэнту. Няхай ягоная душа спачывае з мірам. Гэта вялікая страта для Індыйскай народнай партыі (БДП)», – заявіў журналістам лідар аддзялення БДП у Гуджараце.

Нацыянальная рада бяспекі на транспарце ЗША (NTSB) і Аддзел расследавання авіяцыйных здарэнняў Вялікай Брытаніі (AAIB) заявілі пра гатовасць накіраваць сваіх адмыслоўцаў для вызначэння акалічнасцяў катастрофы.

Адзіны пасажыр, які выжыў, – 40-гадовы грамадзянін Вялікай Брытаніі індыйскага паходжання Рамеш Вішвашкумар. Кіраўнік МУС Індыі Аміт Шах, які пабыў на месцы здарэння, наведаў яго ў лякарні. Мужчына расказаў, што прыязджаў на радзіму на некалькі дзён і павінен быў ляцець назад у Лондан з братам, які загінуў. Паводле словаў выжылага, «праз трыццаць секундаў пасля ўзлёту раздаўся гучны шум, а потым самалёт упаў». Індыйскія СМІ пішуць, што Рамеш Вішвашкумар выжыў, выбраўшыся з аварыйнага выхаду побач са сваім месцам 11А, але пры гэтым атрымаў цяжкія траўмы.

Паводле папярэдніх звестак, прычынай падзення самалёта магла стаць адмова абодвух рухавікоў, якая, як мяркуюць эксперты, адбылася пасля сутыкнення борта з чарадой птушак на ўзлёце. Пілот падаў сігнал бедства дыспетчарскай, пасля чаго сувязь з кабінай экіпажу была страчаная.

Гэтая авіякатастрофа стала рэкорднай для Індыі ў колькасці загінулых і зрабіла 2025 год адным з самых смяротных за апошняе дзесяцігоддзе для цывільнай авіяцыі. Акрамя таго, гэта першы авіяцыйны інцыдэнт з самалётам Dreamliner, які прывёў да чалавечых ахвяраў.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках