«Ганьба абсалютная»: Лукашэнка зноў занерваваўся праз бульбу
37- 13.06.2025, 9:11
- 22,990

Дыктатар убачыў «амерыканскую схему».
Аляксандр Лукашэнка на нарадзе са сваёй адміністрацыяй 12 чэрвеня зноў вярнуўся да праблемы дэфіцыту бульбы. Ён заявіў, што ў буйных сетках гародніну хавалі на складах праз «палітыку», абурыўся заробкамі кіраўніцтва гандлёвых сетак і «сумнеўнымі крэдытнымі схемамі».
- Пачалі жартаваць з гэтай бульбай. Я здымаю слухаўку «Герасімаў (старшыня КДК Васіль Герасімаў. —заўвага), разбярыся і паведамі! Разам з былым прэм'ерам. Галавой адкажаце». Пачалі разбірацца з буйнымі сеткамі. Прыходзіць, а там бульбы - падзець няма куды. Яна ў іх ляжыць на складзе. Чаму не на прылаўку? Палітыка. Трэба паказаць, што вось улады задушылі коштамі да такой ступені, што жыць далей немагчыма. Гэта значыць наступілі на болевую кропку гэтым гандлярам, - заявіў Лукашэнка.
З ягоных слоў, пасля ўмяшання ўладаў бульба на прылаўках з'явілася, але «калтанеча» яшчэ не скончылася:
- Я не кажу, што мы ўжо там па ўсёй краіне забяспечылі бульбай. Забяспечыць. І імпартнай. Вядома, ганьба абсалютная. Але гэта я з губернатарамі разбяруся і з вамі таксама. Ды рэч не толькі ў бульбе.
Ад бульбы Лукашэнка перайшоў да гандлю наогул.
На думку дыктатара, многія прадстаўнікі гандлю бяруць крэдыты, затым за кошт завышэння коштаў хутка вяртаюць пазыкі і пачынаюць атрымліваць чысты прыбытак.
- Я як рэальны эканаміст зямны ўяўляю, як гэта ўсё робіцца. І ўсе рынуліся ў гандаль. Таму што там можна зарабіць. А як? Узяў крэдыт. Гэта што, яго грошы ў банку? Гэта нашы грошы, народныя. Ён узяў там крэдыт. За кошт шалёнага бескантрольнага падвышэння коштаў ён гэты крэдыт за 3-4 гады вярнуў. Усё, чысты прыбытак атрымлівае, адпачывае - заснавальнік. Жыве за кошт чаго? За кошт падвышэння коштаў - бескантрольна, - апісаў меркаваны механізм Лукашэнка, назваўшы яго «амерыканскай схемай».