У Гомелі мабілізавалі работнікаў хуткай дапамогі і іншых арганізацый
20- 13.06.2025, 10:55
- 11,814

Кіраўнік гарвыканкама апублікаваў адмысловы зварот.
Нядаўна ў Гомелі «аператыўны штаб гарвыканкама прыняў важныя пастановы аб пакосе расліннасці». Кіраўнік гарвыканкама Уладзімір Прывалаў нават апублікаваў адмысловы зварот з заклікам заняцца добраўпарадкаваннем, «калі дажджы і цяпло робяць сваю працу, трава расце не па днях, а па гадзінах». У выніку да пакосу травы ў Гомелі залучылі работнікаў не толькі камунальных службаў, але яшчэ прадпрыемстваў і арганізацый раёна, піша «Флагшток».

Як і планавалася, У Гомелі стварылі брыгады з работнікаў, каб пакасіць траву, якой зарос горад ва ўмовах нястачы кадраў у камунальных службах і нядбайнай сістэмай працы, піша выданне. Але гэта ўлады не прызналі, а абвінавацілі ў зарослых газонах інтэнсіўныя ападкі.
Да работ пакосу травы залучылі работнікаў такіх прадпрыемстваў, як «Спартак», «Станкагомель», «Хімтранс» Гомельскага хімзавода, завода ліцця і нармалей (ГЗЛіН), электратэхнічнага завода, Гомельскага аддзялення БЧ, Гомельскай станцыі хуткай дапамогі.
«Дадаткова даручана арганізаваць харчаванне для супрацоўнікаў, занятых у працах пакосу травы», — гаварылася ў паведамленні гарвыканкама ад 10 чэрвеня.
Мяркуючы са здымак, харчаванне для касцоў – гэта бутэрброд з трыма кавалачкамі каўбасы.

Нагадаем, раніцай 10 чэрвеня кіраўнік Гомельскага гарвыканкама Уладзімір Прывалаў паведаміў у сваім тэлеграм-канале, што «аператыўны штаб у гарвыканкаме прыняў важныя пастановы аб пакосе пустазельнай расліннасці ў Гомелі».
«Падчас нарады прынятая пастанова аб мабілізацыі ўсіх наяўных рэсурсаў і ўзмацненні інтэнсіўнасці работ», — гаварылася ў паведамленні.