СМІ: Ізраільская выведка стварыла базу ўдарных дронаў проста каля сталіцы Ірана
- 13.06.2025, 11:32
- 7,658

І ў патрэбны момант выкарыстала іх.
Супрацоўнікі Нацыянальнай выведвальнай службы Ізраіля Масад абсталявалі базу БПЛА недалёка ад сталіцы Ірана Тэгерана, а ўночы 13 чэрвеня выкарысталі0 іх у рамках сваёй спецаперацыі, паведамляе Al Jazeera.
Падкрэсліваецца, што задоўга да спецыяльнай аперацыі Масад з дапамогай сваёй агентуры стварыў базу для дронаў проста пад Тэгеранам.
Мінулай ноччу гэтыя БПЛА былі актываваныя і запушчаныя ў кірунку пускавых установак ракет класа «зямля - зямля».
Крыніцы выдання ў ізраільскіх спецслужбах сцвярджаюць, што агенты Масад кантрабандай увозілі зброю ў Іран перад Ізраільскімі авіяўдарамі, падчас якіх былі ў першую чаргу ліквідаваныя сістэмы СПА Ірана.
У апошнія месяцы вялікая колькасць спецыялізаванай зброі, перапраўленай у Іран, была загадзя размешчаная ў стратэгічных пунктах па ўсёй краіне і падчас вайсковай аперацыі выкарыстоўвалася для знішчэння крытычна важных аб'ектаў інфраструктуры Ірана.