21 чэрвеня 2025, Субота, 6:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Пуцін будзе спрабаваць гандляваць паветрам»

«Пуцін будзе спрабаваць гандляваць паветрам»
Фота: Getty Images

Што будуць рабіць Штаты і Расея на фоне эскалацыі на Блізкім Усходзе.

Намеснік дырэктара Цэнтра блізкаўсходніх даследаванняў Сяргей Данілаў у каментары для ZN.UA патлумачыў, што будзе рабіць расейскае кіраўніцтва на фоне ўдараў Ізраіля па Іране. На яго думку, Уладзімір Пуцін будзе спрабаваць выставіць сябе пасярэднікам і рэальным гульцом на Блізкім Усходзе, хаця рэальнага ўплыву на іранцаў ён не мае.

«Пуцін будзе спрабаваць выставіць сябе як гарант ці пасярэднік. Гандляваць паветрам, прасцей кажучы. Бо ён не мае рэальнага ўплыву на іранцаў. І паціраць рукі ад высокіх коштаў нафты, вядома. Будзе спрабаваць прадстаўляць Расею як рэальнага гульца на Блізкім Усходзе», - указаў ён.

Данілаў адзначыў, што Пуціну вельмі выгадны Іран, загнаны ў кут, але ў якім пры гэтым захаваецца рэжым. Аднак гэта не гарантавана, дадаў ён.

На думку Данілава, Масква будзе дапамагаць Тэгерану і спрабаваць скарыстацца сітуацыяй па максімуме. Аднак ён сумняваецца, што расейцы сапраўды нечым могуць дапамагчы іранцам.

Адносна ролі ЗША ў канфлікце эксперт нагадаў, што Штаты ўжо паабяцалі абараняць Ізраіль. Аднак яны ў першую чаргу будуць абараняць уласныя базы, прынамсі, у Бахрэйне, Катары і Ярданіі. На яго думку, зараз ЗША спрабуюць стварыць кааліцыю краін, якія б далучыліся да іх, але з еўрапейскімі хаўруснікамі, напрыклад, Францыяй і Брытаніяй.

«За гэтым будзе цікава назіраць, як адміністрацыя Трампа будзе атрымліваць фідбэк на сваю нязграбную палітыку ў дачыненні да еўрапейскіх краін, зараз, калі яны будуць мець патрэбу (у іх)», - адзначыў Данілаў.

Таксама ён указаў, што Ірану бясспрэчна ўдасца ўцягнуць у вайну свае проксі, напрыклад, лібанскую «Хезбалу». Аднак ёсць пытанні наконт іх магчымасцей.

«Здольнымі засталіся хусіты. Пэўныя здольнасці ёсць у ірацкіх проксі. Трывожны званок для Ізраіля - гэта заява (ірацкага шыіцкага лідара) Муктады ас-Садра, які мае падтрымку большасці шыітаў Ірака. Які, дарэчы, выступаў супраць умяшання Ірана ў ірацкія справы. Але зараз ён рэзка асудзіў напад Ізраіля і сказаў, што гэта вайна. І вось гэтая кансалідацыя шыітаў небяспечная», - растлумачыў эксперт.

Але, з яго слоў, зноў паўстае пытанне аб іх магчымасцях. Пасля страты Сірыі і Лібана, пасля страты «Хезбалой» сваіх пазіцый, у іх не так шмат варыянтаў, рэзюмаваў Данілаў.

Нагадаем, Тэгеран адмовіўся ад удзелу ў перамовах з ЗША па ядзернай праграме, запланаваных на 15 чэрвеня. У той жа час прэзідэнт Дональд Трамп ужо заклікаў Тэгеран падпісаць новую ядзерную ўгоду, перасцярог, што наступствы адмовы ад угоды будуць «значна горшыя за ўсе чаканні». Ён дадаў, што Іран павінен падпісаць пагадненне, «каб выратаваць тое, што некалі было вядомае як Іранская імперыя».

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках