Прыхвасні Лукашэнкі прайгралі ў Жэневе з разгромным лікам
2- 14.06.2025, 17:10
- 14,206

72:2544.
У рамках Канферэнцыі Міжнароднай арганізацыі працы, якая праходзіць гэтымі днямі ў Жэневе, Камітэт прымянення стандартаў падаў свае высновы па Беларусі.
Спецыяльнае пасяджэнне Камітэту прайшло 7 чэрвеня, і на ім абмяркоўваліся захады, прапанаваныя Адміністрацыйнай радай у рамках рэалізацыі артыкула 33-га Статута МАП, ужытага да ўрада Беларусі за парушэнне права на свабоду аб'яднання і невыкананне рэкамендацый Камісіі ў расследаванні, піша «Салідарнасць».
У сваіх высновах Камітэт прыняў да ведама пісьмовую і вусную інфармацыю, пададзеную ўрадам Беларусі, аднак зноў адзначыў пастаяннае ігнараванне лукашыстамі высноў і рэкамендацый Камісіі ў расследаванні, адмову прыняць і выканаць іх.
Камітэт таксама выказаў глыбокую занепакоенасць і шкадаванне ў сувязі з прымяненнем крымінальных санкцый у дачыненні да прафсаюзных дзеячаў, якія займаюцца законнай прафсаюзнай дзейнасцю, і судовым пераследам сябраў прафсаюзаў, уключаючы арышты і турэмнае зняволенне.
Ён асудзіў рэпрэсіі супраць незалежных прафсаюзаў і турэмнае зняволенне прафсаюзных дзеячаў, а таксама адзначыў план дзеянняў па рэалізацыі мер 33-га артыкула Статута МАП.
Нагадаем, што ў 2023 годзе пасля таго, як беларускія ўлады праігнаравалі рэкамендацыі МАП у спыненні рэпрэсій і парушэнні правоў працоўных, гэтая арганізацыя ўжыла артыкул, усяго толькі другі раз за сваю больш за 100-гадовую гісторыю.
33-ці параграф замацоўвае магчымасць прымяняць санкцыі за грубае і сістэматычнае невыкананне рэкамендацый Камісіі ў расследаванні МАП.
На пасяджэнні таксама было заяўлена, што Камітэт шкадуе аб атмасферы дзяржаўнага гвалту, запалохвання і страху ў Беларусі, адсутнасці права на свабоду аб'яднання і права на калектыўныя перамовы, а таксама размыванню вяршэнства закона, прыкладам якога з'яўляецца поўная адсутнасць незалежнасці судовай сістэмы.
Таксама было адзначана ўмяшанне ўрада ў дзейнасць прафзвязаў. Камітэт выказаў сур'ёзныя сумневы што да незалежнасці Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і заклікаў урад краіны працаваць з МАП, каб развязаць гэтыя праблемы і забяспечыць дзейнасць у тым ліку незалежных прафсаюзаў.
Камітэт таксама прыняў да ведама даклад аб сітуацыі ў Беларусі, дзе адзначана, што ўрад краіны чарговы раз не прадставіў новай інфармацыі аб захадах, прынятых для рэалізацыі рэкамендацый Камітэта.
У сувязі з гэтым зноў прагучаў настойлівы заклік неадкладна вызваліць зняволеных прафсаюзных дзеячаў і адмяніць любыя абвінаваўчыя прысуды, вынесеныя супраць іх у сувязі з іх законнай прафсаюзнай дзейнасцю.
Камітэт таксама паўтарыў сваю просьбу да ўрада Беларусі прыняць у найкарацейшыя тэрміны:
- міжнародную гуманітарную місію для таго, каб незалежныя лекары маглі наведаць усіх зняволеных прафсаюзных дзеячаў для ацэнкі іх здароўя і аказання, пры неабходнасці, медыцынскай дапамогі.
- трохбаковую місію МАП для ацэнкі сітуацыі і наведвання прафсаюзных дзеячаў, якія зараз знаходзяцца ў турме або пад вартай.
Паводле выніку высновы Камітэта былі прынятыя абсалютнай большасцю галасоў: 2544 – за, 72 – супраць і 112 – устрымаліся.
Выканаўца абавязку старшыні Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) Максім Пазнякоў сказаў, што звычайна працэдура прыняцця рашэнняў у Камітэце адбываецца згодна з прынцыпам кансэнсусу, гэта значыць, усе згаджаюцца з высновамі, і прымаецца той ці іншы дакумент:
- Але дэлегацыя Беларусі, якая падтрымліваецца Расеяй і Кітаем, запатрабавала галасавання, сцвярджаючы, што нібыта існуе вельмі сур'ёзны падзел меркаванняў. Пачынаючы з 2023 года, улады пастаянна ставяць пад сумненне высновы Камітэта.
Гэта значыць, на думку рэжыму, усю трыццацігадовую гісторыю з парушэннямі правоў працоўных у Беларусі, ліквідацыяй незалежных прафсаюзаў, рэпрэсіямі, арыштамі, крымінальнымі працэсамі і турэмнымі зняволеннямі прафсаюзных лідараў, трэба проста забыцца ці зрабіць выгляд, што яе не існавала і не існуе. Заплюшчыўшы вочы на ўсе міжнародныя нормы і канвенцыі МАП.
Аднак так не атрымаецца, і чарговым разам міжнародная супольнасць гэта пацвердзіла!