Іран зноў атакуе Ізраіль: Пад ударам цэнтр краіны і Тэль-Авіў
- 15.06.2025, 8:29
- 8,886

Падчас падвойнага нападу было выпушчана блізу 50 ракетаў.
Ізраіль церпіць ад масаванага падвойнага нападу з боку Ірана з выкарыстаннем беспілотнікаў і ракетаў.
Пра гэта паведамляе Войска абароны Ізраіля і Clash Report.
У 02:31 ізраільскія вайскоўцы выявілі запуск Іранам ракетаў.
У некалькіх раёнах Ізраіля прагучалі сірэны. Грамадзянам рэкамендавалі прытрымлівацца інструкцый Камандавання тылу.
Выданне Clash Report паведаміла, што з розных частак Ірана па Ізраілі было выпушчана блізу 50 ракетаў.
У 02:42 у цэнтральных раёнах Ізраіля раздаліся вельмі магутныя выбухі.
Абноўлена 03:05
У раёне аэрапорта Бэн-Гурыён і на ўсход ад Тэль-Авіва раздаюцца шматлікія выбухі.
Іранскія СМІ паведамляюць, што Іран атакаваў аэрапорт у Тэль-Авіве як адказ на ізраільскую атаку на аэрапорт Мехрабад у Тэгеране.
Абноўлена 03:11
Выданне The Times of Israel са спасылкай на ізраільскія СМІ, паказвае на шэраг ракетных удараў або траплянняў аскепкаў у цэнтральнай частцы краіны.
Экстранныя службы паведамляюць, што яны рэагуюць на паведамленні пра траплянні ў шэрагу месцаў, сярод іншага пра сур'ёзныя пашкоджанні будынка на курорце Бат-Ям.
Паводле звестак арганізацыі «Маген Давід Адам», у Бат-Яме ёсць шэраг людзей з сярэднімі і лёгкімі траўмамі, і службы экстраннага рэагавання прадаўжаюць пошукі ў будынку.
Першыя паведамленні ад пажарных і выратавальных службаў таксама паказваюць на магчымае прамое траплянне ў будынак у Рэхавоце, траплянне ў Тэль-Авіве і ў гандлёвым цэнтры ў цэнтральным горадзе Кір'ят-Экрон.
Абноўлена 03:23
Ізраільскае войска паведаміла, што пасля ацэнкі сітуацыі Камандаванне тылу дазволіла пакідаць абароненыя памяшканні ў шэрагу раёнаў цэнтральнай і паўночнай частак Ізраілю.
Абноўлена 03:42
Паводле звестак службы экстраннай дапамогі «Маген Давід Адам», у выніку апошняга абстрэлу балістычнымі ракетамі з Ірана загінуў сама меней адзін чалавек і сама меней 18 чалавек атрымалі раненні.
У Бат-Яме загінула жанчына ва ўзросце блізу 60 гадоў, два чалавекі атрымалі раненні сярэдняй цяжкасці і 10 – лёгкай цяжкасці.
У Рэхавоце, паводле звестак рэагавальнікаў, два чалавекі атрымалі сур'ёзныя раненні, чацвёра – лёгкія раненні і адзін чалавек – лёгкія раненні.
Пра ўдары таксама паведамлялася ў Тэль-Авіве і Рамат-Гане, але інфармацыі пра параненых яшчэ недастаткова.
Абноўлена 04:30
Тэлеканал Al Jazeera паведамляе пра больш як 50 пацярпелых у выніку апошняй атакі Ірана. Адна жанчына загінула.
У Тэль-Авіве зафіксаваныя моцныя разбурэнні. Ратавальнікі прадаўжаюць разбіраць завалы, колькасць пацярпелых увесь час расце.
У той самы час, паводле звестак Telegram-канала Baza, колькасць пацярпелых у выніку ўдараў Ірана па Тэль-Авіве і ягоных прыгарадах перавысіла 100 чалавек.
Пад заваламі разбураных дамоў прадаўжаюць знаходзіцца людзі.