З Расеі прыйшоў нечаканы «сюрпрыз» для валютнага рынку Беларусі
10- 15.06.2025, 14:36
- 31,878

Беларускі рубель пачне слабець да даляра.
Цэнтрабанк Расеі 6 чэрвеня знізіў ключавую стаўку – гэта аналаг стаўкі рэфінансавання ў Беларусі – да 20% гадавых. Эканамістка Анастасія Лузгіна прагназуе, што на гэтым фоне расейскі рубель можа плаўна аслабнуць да даляра, а ўслед за гэтым – і беларуская нацвалюта, піша «Люстэрка».
Якую пастанову прынялі ў Расеі і як яна здольная паўплываць на валютны рынак Беларусі
У Расеі Цэнтрабанк 6 чэрвеня знізіў ключавую стаўку на 100 базавых пунктаў – да 20% гадавых. «Асноўныя праінфляцыйныя рызыкі звязаныя з больш доўгім захаваннем адхілення расейскай эканомікі ўверх ад траекторыі збалансаванага росту і высокіх інфляцыйных чаканняў, а таксама з пагаршэннем умоваў знешняга гандлю. Далейшае зніжэнне тэмпаў росту сусветнай эканомікі і коштаў нафты ў выпадку ўзмацнення гандлёвых супярэчнасцяў можа мець праінфляцыйныя эфекты праз дынаміку курсу рубля», – растлумачыў Цэнтрабанк РФ.
Сітуацыя на беларускім валютным рынку шмат у чым залежыць ад абстаноўкі на расейскім, тлумачыла раней эканамістка Анастасія Лузгіна. Яна прагназавала, што Цэнтрабанк РФ можа знізіць ключавую стаўку. «Гэта здольна ўплываць на расейскі рубель – у бок зніжэння ягонага курсу», – растлумачыла эканамістка.
Анастасія Лузгіна прагназавала, што на фоне зніжэння ключавой стаўкі Цэнтрабанкам РФ расейскі рубель будзе плаўна слабець да даляра, а следам – і беларускі.