Клубны чэмпіянат свету стартаваў з нулявой нічыі
- 15.06.2025, 10:03
- 1,780

«Інтэр Маямі» Мэсі і «Аль-Ахлі» Трэзеге галоў не забілі.
Сёння, 15 чэрвеня, матчам «Інтэр Маямі» (ЗША) і «Аль-Ахлі» (Егіпет) стартаваў клубны чэмпіянат свету, піша betnews.by.
Інтэр Маямі – Аль-Ахлі – 0:0.
Сустрэча закончылася нулямі на табло, хоць бліжэйшымі да перамогі ўсё ж былі егіпцяне. На 43-й хвіліне Трэзеге не рэалізаваў пенальці – брамнік «Інтэра» Оскар Устары парыраваў гэты ўдар.
Быў момант і ў Леанэля Мэсі. Аргентынец падмануў сценку падчас выканання штрафнога ўдару і прабіў нізам, але крыху не трапіў у ніжні кут брамы «Аль-Ахлі».
Сёння, 15 чэрвеня, турнір прадоўжыцца двума матчамі:
Група «С». «Баварыя» (Нямеччына) – «Окленд-Сіці» (Новая Зеландыя) – 19:00.
Група «В». «ПСЖ» (Францыя) – «Атлетыка» (Іспанія) – 22:00.
Клубны чэмпіянат свету ў футболе, які стартаваў у ЗША ў ноч на 15 чэрвеня, – абноўлены турнір ФІФА, у якім упершыню возьмуць удзел 32 клубы (а не сем, як было раней). Сярод іх – еўрапейскія гранды, у тым ліку нядаўні пераможца Лігі чэмпіёнаў ПСЖ, а таксама «Рэал», «Баварыя», «Манчэстэр Сіці» і іншыя. Для ФІФА і клубаў гэты турнір – добрая магчымасць зарабіць. Пры гэтым шмат каму ён усё роўна не падабаецца. Напрыклад, прадстаўнікам нацыянальных футбольных федэрацый: яны лаюць турнір за празмерную эксплуатацыю гульцоў, якія не паспяваюць аднавіцца паміж сезонамі.
Клубны чэмпіянат свету праводзіцца з 2000 года, але толькі сёлета турнір звярнуў сапраўды сур'ёзную ўвагу. Упершыню ён пройдзе ў фармаце, падобным да ЧС камандаў: 32 клубы, паўнацэнная сетка матчаў, даўжыня – чатыры тыдні. Турнір пройдзе ў ЗША ў міжсезонне, а не зімой, як раней. Час выбраны не выпадкова: гэта рэпетыцыя перад ЧС-2026, які пройдзе адразу ў трох краінах – ЗША, Канадзе і Мексіцы.
Правядзенне турніру ў новым фармаце першапачаткова планавалася на 2021 год, але ФІФА адклала яго праз пандэмію COVID-19, перанос чэмпіянату Еўропы-2020 і Алімпіяды ў Токіа. Пазней да гэтага дадаліся спрэчкі з клубамі і лігамі Еўропы, якія не хацелі страчваць лета праз перагрузку календара.
Стары клубны ЧС быў не вельмі цікавым. Ён праходзіў зімой, у разгар футбольнага сезону, і ў ім удзельнічала ўсяго сем камандаў – шэсць пераможцаў кантынентальных турніраў, а таксама адна каманда ад краіны, якая прымае турнір. Яны гулялі паміж сабой некалькі матчаў, прычым турнірная сетка была непаўнавартаснай. Напрыклад, каманды з Паўднёвай Амерыкі і Еўропы прыязджалі толькі да паўфіналу. Асаблівай барацьбы таксама не атрымлівалася: КЧМ перамагалі ў асноўным еўрапейскія каманды, прычым часам без удзелу сваіх галоўных зорак.
Новы фармат – спроба ператварыць паўтаварыскі турнір у паўнавартаснае спаборніцтва. Пашырэнне да 32 клубаў дае больш матчаў, а значыць, больш рэкламнага часу і больш цікавасці з боку новых рынкаў, перш за ўсё амерыканскага і кітайскага.