20 чэрвеня 2025, Пятніца, 20:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Axios: Ізраіль прапанаваў ЗША далучыцца да вайны з Іранам

Axios: Ізраіль прапанаваў ЗША далучыцца да вайны з Іранам

Каб знішчыць ключавы аб'ект ядзернай праграмы Тэгерана.

Ізраіль звярнуўся да Злучаных Штатаў Амерыкі з просьбай дапамагчы знішчыць ключавы аб'ект ядзернай праграмы Ірана.

Пра гэта паведамляе Axios.

Ізраіль цягам апошніх 48 гадзінаў звяртаўся да адміністрацыі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа з заклікам далучыцца да вайны супраць Ірана з мэтай ліквідацыі ягонай ядзернай праграмы. Пра гэта паведамілі два знаёмыя з сітуацыяй ізраільскія чыноўнікі.

Адзін са службоўцаў паведаміў выданню, што ЗША могуць далучыцца да аперацыі. Паводле ягоных словаў, прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падчас нядаўняй размовы з прэм'ер-міністрам Ізраіля Беньямінам Нетаньяху нібыта выказаў гатоўнасць гэта зрабіць у выпадку неабходнасці.

Зрэшты, піша Axios, у пятніцу прадстаўнік Белага Дому аспрэчыў гэтую інфармацыю. У суботу другі амерыканскі чыноўнік пацвердзіў, што Ізраіль сапраўды звяртаўся з такой просьбай, аднак зазначыў, што цяпер гэтае пытанне адміністрацыяй не разглядаецца.

Высокапастаўлены прадстаўнік Белага Дому ў каментары выданню ў суботу адзначыў: «Тое, што адбываецца сёння, ужо немагчыма спыніць», маючы на ўвазе атакі Ізраіля.

«Але мы здольныя дасягнуць паспяховага мірнага ўрэгулявання гэтага канфлікту, калі Іран праявіць гатоўнасць. Самы хуткі шлях да міру для Ірана – гэта адмова ад ядзернай зброі. Уся аперацыя... сапраўды павінна закончыцца ліквідацыяй Форда», – заявіў амбасадар Ізраіля ў ЗША Ехіэль Лейтэр у інтэрв'ю Fox News.

Паводле звестак крыніцаў, з пачатку ваеннай аперацыі ізраільскі бок неаднаразова абмяркоўваў з амерыканскімі калегамі магчымасць удзелу ЗША ў нанясенні ўдару па заводзе ўзбагачэння ўрану ў Форда. Паводле словаў ізраільскай крыніцы, Вашынгтон цяпер разглядае адпаведны зварот, а Ізраіль спадзяецца, што прэзідэнт Трамп пагодзіцца.

Навошта Ізраілю дапамога ЗША

Ізраіль не валодае ні супрацьбункернымі боепрыпасамі, ні цяжкімі бамбавікамі, неабходнымі для знішчэння аб'екта ўзбагачэння ўрану ў Форда, які размешчаны глыбока пад зямлёй у горнай мясцовасці. Затое ЗША валодаюць адпаведнымі сродкамі, якія знаходзяцца ў межах дасяжнасці Ірана.

Нягледзячы на гэта, адміністрацыя Трампа пакуль устрымліваецца ад непасрэднага ўдзелу ў ізраільскай аперацыі. У Вашынгтоне адзначаюць, што любы адказ Ірана ў выглядзе нападаў на амерыканскія цэлі будзе расцэньвацца як нелегітымны.

Прамы ўдар па іранскай тэрыторыі, нават калі ўдзел ЗША абмяжуецца знішчэннем аднаго аб'екта, фактычна будзе азначаць прамы ўдзел Злучаных Штатаў у вайне.

Ізраіль будзе ўважаць ядзерную праграму Ірана за знішчаную толькі ў выпадку поўнага знішчэння аб'екта ў Форда.

Завод узбагачэння паліва Форда – гэта іранскі падземны аб'ект узбагачэння ўрану, размешчаны за 32 км на паўночны ўсход ад іранскага горада Кум, каля вёскі Форда, на былой базе Корпуса вартавых Ісламскай рэвалюцыі.

Аб'ект знаходзіцца пад кантролем Арганізацыі атамнай энергіі Ірана. Гэта другі іранскі аб'ект узбагачэння ўрану, папярэдні – у Натанзе.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках