Прэзідэнт Славаччыны анансаваў візіт ва Украіну
1- 15.06.2025, 18:23
- 2,796

Пётр Пелегрыні ўжо праінфармаваў аб гэтым Зяленскага.
Прэзідэнт Славаччыны Пётр Пелегрыні заявіў, што плануе наведаць Кіеў і ўжо праінфармаваў аб гэтым прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага.
Пра гэта Пелегрыні сказаў у нядзелю, 15 чэрвеня, у эфіры ток-шоў 5 хвілін 12 секунд на тэлеканале STVR, паведамляе Pravda.
Славацкі прэзідэнт адзначыў, што хоча, каб яго візіт меў «пэўны станоўчы сэнс для абодвух бакоў». Ён таксама заявіў, што Украіна з'яўляецца вялікай магчымасцю для Славаччыны ў доўгатэрміновай перспектыве.
«Я папрасіў украінскі бок надаць пэўны сэнс, каб гэта не быў проста візіт ветлівасці. Каб мы маглі знайсці нейкі пазітыўны сэнс для абодвух бакоў, каб мы маглі паслаць пазітыўны сігнал», — сказаў Пелегрыні.
З яго слоў, неабходна глядзець у будучыню пасля заканчэння ўкраінска-расейскай вайны, калі Украіна пачне аднаўляцца і развівацца.
«Гэта можа пайсці на карысць Славаччыне, якая знаходзіцца на мяжы з Украінай і на мяжы з Еўрапейскім Звязам, і гэта сапраўды можа быць вялізным штуршком для ліквідацыі рэгіянальных адрозненняў унутры Славаччыны», — адзначыў Пелегрыні.