СМІ: Кіраўніцтва Ірана пачало таемныя перамовы з Расеяй аб магчымай эвакуацыі
- 15.06.2025, 18:45
- 24,666

Пра тое, што вышэйшае кіраўніцтва Ірана ўжо «пакуе валізкі», раней паведамляў прэм'ер Ізраіля.
Алі Асгар Хеджазі, які займае пасаду намесніка кіраўніка апарата вярхоўнага лідара Ірана Алі Хамэнэі, вядзе таемныя перамовы з прадстаўнікамі расейскіх уладаў аб магчымасці выезду з краіны ў выпадку далейшага пагаршэння сітуацыі ў Іране праз удары Ізраіля. Аб гэтым паведамляе Iran International, спасылаючыся на дасведчаныя крыніцы.
Паводле інфармацыі выдання, адзін з высокапастаўленых расейскіх чыноўнікаў даў Хеджазі персанальныя гарантыі: калі сітуацыя ў Іране абвастрыцца, Масква арганізуе для яго і ягонай сям'і бяспечны маршрут эвакуацыі. Крыніцы сцвярджаюць, што такія дамоўленасці ёсць і ў іншых высокапастаўленых іранскіх афіцыйных асоб. Некаторыя з іх, як піша Iran International, ужо канчаткова вызначылі маршруты сваіх магчымых уцёкаў.
Прэм'ер-міністр Ізраіля Біньямін Нэтаньяху раней выступіў з відэазваротам, у якім заявіў, што вышэйшае кіраўніцтва Ірана ўжо «пакуе валізкі».
Ізраільская ваенная аперацыя супраць Ірана стартавала ў ноч на 13 чэрвеня. Тэль-Авіў абгрунтаваў пачатак баявых дзеянняў неабходнасцю прадухіліць стварэнне Іранам ядзернай зброі. Падчас атак ізраільскія сілы нанеслі ўдары па шэрагу стратэгічна важных аб'ектаў на тэрыторыі Ірана, уключаючы ядзерныя аб'екты. Таксама быў ліквідаваны шэраг высокапастаўленых іранскіх чыноўнікаў і навукоўцаў, звязаных з ядзернай праграмай.
У адказ Тэгеран правёў маштабную атаку, выпусціўшы па Ізраілі сотні балістычных ракет. Паводле звестак ізраільскіх улад, у выніку ўдару загінулі не менш як 13 мірных жыхароў, сотні атрымалі раненні.
Міністр замежных спраў Ірана Абас Арагчы 15 чэрвеня выступіў з заявай аб гатоўнасці Тэгерана падпісаць пагадненне, якое гарантуе адмову ад распрацоўкі ядзернай зброі.