Зяленскі прапанаваў кандыдатуру на пасаду генеральнага пракурора Украіны
- 16.06.2025, 11:43
- 3,432

Цяпер ён узначальвае падатковую службу.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі прапануе парламенту Украіны падтрымаць кандыдатуру Руслана Краўчанкі на пасаду генеральнага пракурора Украіны. Пра гэта паведаміў старшыня Вярхоўнай Рады Украіны Руслан Стэфанчук у "Фэйсбуку".
«У адпаведнасці з пунктам 11 часткі першай артыкула 106 і часткі трэцяй артыкула 131-1 Канстытуцыі Украіны ў Вярхоўную Раду Украіны паступіла прадстаўленне прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага аб выдачы згоды на прызначэнне Краўчанкі Руслана Андрэевіча на пасаду генеральнага пракурора», - напісаў старшыня ВР.
Стэфанчук адзначыў, што Вярхоўная Рада Украіны разгледзіць гэтае прадстаўленне на адным з найбліжэйшых пленарных пасяджэнняў.
Як вядома Руслан Краўчанка цяпер узначальвае Дзяржаўную падатковую службу, а перад гэтым быў кіраўніком Кіеўскай абласной вайсковай адміністрацыі. Яму 35 гадоў.
У 2021 годзе Руслан Краўчанка ўзначаліў Бучанскую акруговую пракуратуру Кіеўскай вобласці. З 31 сакавіка 2022 года праводзіў фіксацыю і расследаванне вайсковых злачынстваў расейцаў у Бучы.