18 чэрвеня 2025, Серада, 16:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Лукашэнка баіцца»

17
«Лукашэнка баіцца»

Чаго чакаць ад вайсковых вучэнняў «Захад-2025».

Расея можа выкарыстоўваць вучэнні «Захад-2025», каб нарасціць колькасць войска для вайны супраць Украіны, мяркуе латвійскі генерал Андыс Дыланс. Ён упэўнены, што пакуль Масква не гатовая да атакі на Латвію - краіну-чальца NATO. У расейскага дыктатара Уладзіміра Пуціна проста не стае для гэтага рэсурсаў. Тым не менш расейска-беларускія манеўры краіны Балтыі разглядаюць як патэнцыйную пагрозу, таму ўмацоўваюць межы і тэстуюць сістэмы экстранай абвесткі. Дэталёва ў тэме разбіраліся журналісты FREEДОМ.

Беларусь перадыслакуе будучыя вайсковыя вучэнні ўглыб краіны - далей ад мяжы з Украінай. На пастанову беларускага дыктатара Аляксандра Лукашэнкі маглі паўплываць поспехі ўкраінскіх вайскоўцаў у Курскай вобласці, мяркуе прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

«Я думаю, сам Лукашэнка баіцца, што мы ва Украіне будзем думаць, што прысутнасць кантынгенту на вучэннях — гэта падрыхтоўка да наступальных дзеянняў. Ён разумее пасля нашых крокаў у адказ на Курскім кірунку, на што мы здольныя, калі будзем адчуваць пагрозу», — сказаў Зяленскі на сустрэчы з журналістамі.

Пра тое, што Расея і Беларусь збіраюцца правесці супольныя вучэнні на беларускай тэрыторыі, стала вядома яшчэ ў 2024 годзе. Тады генштабы узброеных сіл дзвюх краін пачалі падрыхтоўку да манеўраў «Захад-2025». Яны павінны прайсці ў верасні. Пазней міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін абвясціў, што ўлады надумалі скараціць маштаб супольных вучэнняў і перанесці іх далей ад заходніх межаў. Ён растлумачыў гэта імкненнем Менска зняць напружанасць у рэгіёне.

Нядаўна Расея пачала дастаўляць у Беларусь на авіябазу «Мачулішчы» вайсковыя грузы самалётамі Іл-76, піша партал Militarnyi. Да перавозак залучылі і цяжкі транспартны самалёт Ан-124-100.

Авіябаза «Мачулішчы» - адна з нямногіх у Беларусі здольная прымаць вайсковыя транспартныя самалёты вялікай грузападымальнасці. З пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну гэтая авіябаза стала месцам базавання расейскіх вайскоўцаў. Актыўнасць расейскай транспартнай авіяцыі зафіксавалі аналітыкі AviVector.

«У чэрвені 2025 года расейская транспартная авіяцыя пачала палёты на беларускія аэрадромы ў сувязі з запланаванымі на восень гэтага года расейска-беларускімі вучэннямі «Захад-2025». Мы візуалізавалі некаторыя з нядаўніх рэйсаў у і з Беларусі і будзем працягваць інфармаваць вас пра паступленне новых рэйсаў», — піша AviVector.

Пытанне аб магчымым прамым удзеле Беларусі ў вайне Расеі супраць Украіны абмяркоўваецца з пачатку поўнамаштабнага ўварвання расейскага войска. Зрэшты, наўрад ці краіна-агрэсареа разглядае Менск як сур'ёзнага вайсковага хаўрусніка, мяркуюць у Службе замежнай выведкі Украіны. Войска Беларусі нешматлікае, дрэнна абсталяванае і падрыхтаванае. А эканоміка краіны цалкам залежыць ад Расеі.

«Калі ў 2022 годзе ў Расеі, якая планавала скончыць вайну «за тры дні», з'явіліся праблемы з узбраеннем, Беларусь перадала ім усё што магла, са сваіх складоў: боепрыпасы, тэхніку — Т-72, БМП-2, прыцэлы, бронекамізэлькі, шаломы, станкі. Цяпер яны наладзілі яшчэ вытворчасць боепрыпасаў, якіх не стае Расеі. Рэактыўныя, рулевыя - усё, што трэба для вайны. Беларускі ВПК стаў дадаткам расейскага. Блізу 80% беларускіх прадпрыемстваў ВПК інтэграваныя ў расейскі ВПК. Гэта фактычна адна база», - пракаментаваў кіраўнік Службы замежнай выведкі Украіны Алег Івашчанка.

Аднак уварванне расейскага войска з боку Беларусі ва Украіну ці ў краіны Балтыі — адзін з найбольш магчымых сцэнароў. Кіраўнік Федэральнай выведвальнай службы Нямеччыны Бруна Каль папярэдзіў, што Расея рыхтуецца да нападу на тэрыторыю краіны-чальца NATO. Крэмль імкнецца пашырыць свой уплыў усялякай цаной, мяркуе ён.

Масква рыхтуецца праверыць на трываласць 5-ы артыкул дамовы NATO аб калектыўнай абароне.

На думку кіраўніка выведкі ФРГ, для гэтага Расеі не патрэбныя маштабныя бамбаванні. Дастаткова паслаць у Эстонію «зялёных чалавечкаў» на прыклад анэксіі Крыма нібыта для абароны расейскамоўнай меншасці. І далей назіраць - ці сапраўды прэзідэнт ЗША адправіць амерыканскіх жаўнераў праз Атлантыку на абарону партнёра з NATO.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках