Аўстралія абмяркуе з ЕЗ новае абароннае пагадненне
- 16.06.2025, 17:21

Кіраўнік Еўракамісіі мяркуе, што стораны «падзяляюць агульныя каштоўнасці».
Аўстралія рыхтуецца да афіцыйных перамоў аб далучэнні да новага пагаднення ў пытаннях бяспекі і абароны з Еўрапейскім Звязам. Пра гэта заявіў прэм'ер-міністр Энтані Албанэзэ, які прыбыў у Канаду для ўдзелу ў саміце G7, піша The Guardian (пераклад — сайт Charter97.org).
Стораны плануюць абмеркаваць магчымае супрацоўніцтва ў галіне вайсковых вучэнняў, кібербяспецы, барацьбе з тэрарызмам, процідзеянне замежнаму ўмяшанню, а таксама пытанні ў сферы абароннай прамысловасці і крытычна важных тэхналогій.
Раней Аўстралія скептычна ставілася да ініцыятывы, агучанай ЕЗ на цырымоніі ў Рыме ў мінулым месяцы. Аднак, са слоў Албанэзэ, цяпер урад "уваходзіць у перамовы канструктыўна", падкрэсліваючы, што ўмацаванне дачыненняў можа прынесці не толькі стратэгічныя, але і эканамічныя выгады.
ЕЗ ужо мае аналагічныя пагадненні з Японіяй, Паўднёвай Карэяй і Вялікабрытаніяй. Кіраўніца Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен заявіла, што Аўстралія і ЕЗ «падзяляюць агульныя каштоўнасці».
Паралельна абмяркоўваюцца абаронныя праекты і з Канадай. Албанэзэ сустрэўся з прэм'ерам Маркам Карні - яны абмеркавалі ўдзел Канады ў супрацоўніцтве ў галіне перадавых вайсковых тэхналогій. Таксама разглядаліся супольныя праекты, уключаючы радыёлакацыйную сістэму на поўначы Амерыкі.
Перамовы праходзяць на фоне росту напружанасці ў свеце, асабліва праз канфлікт паміж Ізраілем і Іранам.
Падчас візіту Албанэзэ таксама правядзе сустрэчы з лідарамі Японіі, Паўднёвай Карэі, Нямеччыны, Францыі і ЗША. Чакаецца, што ў перамовах з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам ён падыме пытанне аб скасаванні мытаў на аўстралійскую сталь і алюміній.