Ля будынка Нацыянальнага банка зноў назіраецца ажыятаж
11- 16.06.2025, 17:29
- 2,826

Людзі масава купляюць юбілейныя банкноты.
Ля будынка Нацыянальнага банка зноў назіраецца ажыятаж - людзі масава купляюць юбілейныя банкноты, прысвечаныя «80-годдзю Перамогі».
У прэс-службе Нацбанка паведамілі, што толькі за тры дні прадалі 1 647 купюр на агульную суму амаль 198 тысяч рублёў.
Памятная банкнота наміналам 80 рублёў прадаецца коштам 120 рублёў. Першую партыю раскупілі вельмі хутка, таму з 11 чэрвеня завезлі другую.
Гэта тыя самыя банкноты, дзеля якіх людзі стаялі ў велізарнай чарзе і дзяжурылі па начах. У траўні таксама быў уведзены ліміт - да пяці банкнот у адны рукі, праз гэта некаторыя пакупнікі прыводзілі з сабой сваякоў, каб купіць больш купюр.
Купюра выканана ў ружовым колеры. На адным баку намаляваны манумент «Мужнасць» у Берасцейскай цытадэлі, а на адваротным — рука маці з дзіцем, нацыянальны арнамент, «Брама Менска» і кветка яблыні. Усяго надрукавана 80 тысяч такіх банкнот.
Акрамя таго, у продаж паступілі памятныя манеты, таксама прысвечаныя таму ж юбілею. Сярод іх:
сярэбраная манета наміналам 20 рублёў (тыраж - 2500 штук);
медна-нікелевая манета наміналам 1 рубель (тыраж — 5000 штук).
Калекцыянеры працягваюць стаяць у чэргах, каб атрымаць гэтыя эксклюзіўныя асобнікі.