Беларусам забаранілі купляць нерухомасць у Латвіі
6- 19.06.2025, 20:49
- 5,322

Але не ўсім.
Сэйм Латвіі 19 чэрвеня ў канчатковым чытанні прыняў новы закон, які забараняе набываць у краіне нерухомасць грамадзянам і юрыдычным асобам Беларусі і Расеі. Аднак магчымасць купіць кватэру ўсё ж застаецца, калі выканаць шэраг умоў.
Нерухомасць у Латвіі не змогуць купіць (атрымаць у дар, у спадчыну, абмяняць і г.д.) грамадзяне Беларусі і Расеі, а таксама кампаніі, якія належаць хоць бы на чвэрць грамадзянам гэтых краін, або чые бенефіцыяры — грамадзяне РФ і Беларусі. Абмежаванне распаўсюджваецца і на створаныя ў абедзвюх дзяржавах юрыдычныя асобы.
Забарона будзе распаўсюджвацца на ўгоды, укладзеныя пасля ўступлення закона ў дзеянне.
У анатацыі падкрэсліваецца, што няведанне закона стораны ўгоды не вызваляе ад абавязку яго выконваць. Так, уладальнікі нерухомасці павінны адказна выбіраць пакупнікоў, інакш угода будзе прызнаныя несапраўднай.
Перад апошнім чытаннем у законапраект былі ўнесеныя папраўкі, згодна з якімі грамадзяне Беларусі і РФ змогуць купіць кватэру, калі яна будзе «адзінай нерухомай маёмасцю, прызначанай для пражывання». Пры гэтым пакупнікамі могуць выступаць толькі тыя, хто на момант уступлення закона ў дзеянне ўжо меў статус рэзідэнта ЕЗ альбо меў дзейны сталы ДНЖ Латвіі.