Сустрэча дэлегацый Украіны і РФ у Стамбуле закончылася
6- 2.06.2025, 16:42
- 10,816

Рыхтуецца новы абмен ваеннапалоннымі.
Украінская і расейская дэлегацыі закончылі другі раўнд перамоў у Стамбуле. Як паведаміў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас прэс-канферэнцыі ў Вільні, рыхтуецца новы абмен палоннымі.
«Перамовы ў Стамбуле толькі што закончыліся. Я акурат чакаю поўнай справаздачы ад спадара Умерава. Яны [дэлегацыі] абмяняліся думкамі, і мы рыхтуем новы абмен ваеннапалоннымі», – заявіў Зяленскі.
Сустрэча 2 чэрвеня доўжылася крыху больш за гадзіну. Расейскае дзяржаўнае агенцтва ТАСС са спасылкай на крыніцу адзначае, што сёння прадаўжэння перамоў не будзе, а дэлегацыі вернуцца дадому.
Адзначаецца, што падчас перамоў РФ і Украіна падрабязна абмеркавалі абмены, пра што будзе афіцыйнае паведамленне.
Варта адзначыць, што паводле інфармацыі кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Андрэя Ермака, на сустрэчы Украіна перадала расейцам спіс дзяцей, якіх хоча вярнуць дадому.
З ягоных слоў, гаворка ідзе пра «сотні» дзяцей, якіх расейцы «незаконна дэпартавалі, прымусова перамясцілі або ўтрымліваюць на часова акупаваных тэрыторыях».
«Вяртанне ўкраінскіх дзяцей - неад'емная частка справядлівага і працяглага міру і ключавы элемент даверу, першы тэст на шчырасць намераў», - паведаміў кіраўнік ОП.
Як паведаміў прадстаўнік МЗС Турцыі, дэлегацыі Расеі і Украіны пайшлі на абед пасля заканчэння сустрэчы.
Паводле ягоных слоў, перамовы закончыліся «не адмоўна».