Трамп адказаў, калі прыме пастанову аб удары па Іране
- 6,148

Мэта ЗША застаецца нязменнай.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што цягам двух тыдняў прыме пастанову тым, ці наносіць удар па Іране. Як піша Reuters, заяву Трампа працытавала прэс-сакратарка Белага дома Кэралайн Лівіт.
«Зыходзячы з таго факта, што існуе значная імавернасць перамоваў, якія могуць ці не могуць адбыцца з Іранам у найбліжэйшай будучыні, я прыму пастанову, дзейнічаць ці не, цягам наступных двух тыдняў», — сказаў Трамп.
Лівіт сказала, што заява Трампа была адказам на спекуляцыі СМІ аб «сітуацыі ў Іране». Яна адмовілася ўдавацца ў падрабязнасці пра ягоны графік, у тым ліку пра тое, як ён ацэньвае шанцы на поспех далейшых перамоў з Іранам.
Яна таксама падкрэсліла, што мэта Трампа - не дапусціць, каб Іран атрымаў ядзерную зброю - застаецца нязменнай, хоць «калі ёсць шанец для дыпламатыі, прэзідэнт заўсёды ім скарыстаецца».
Лівіт адмовілася паведаміць, ці будзе Трамп запытваць дазвол Кангрэса на якія-небудзь удары па Іране. Дэмакраты раней выказалі занепакоенасць у сувязі з паведамленнямі СМІ аб тым, што Трамп ужо ўхваліў план нападу на Іран у абыход Кангрэса, які мае выключнае права абвяшчаць вайну.
У той жа час крытыкі заяўляюць, што за пяць месяцаў з моманту вяртання на пасаду Трамп устанавіў шэраг тэрмінаў - у тым ліку для вайны Расеі ва Украіне, а таксама для іншых краін, якія вядуць перамовы па гандлёвых тарыфах - толькі для таго, каб прыпыніць гэтыя тэрміны або ссунуць іх.
Рэклама
Як адзначае Reuters, тэрмін два тыдні з'яўляецца ўлюбёным часовым адрэзкам Трампа, ён часта ўстанаўліваў яго як у гэтым, так і ў папярэднім тэрміне знаходжання на пасадзе прэзідэнта. Пры гэтым часцей за ўсё гэты тэрмін потым увогуле не выконваўся або ігнараваўся.