У Тэгеране пашкоджаны аб'ект, які вырабляе ключавы кампанент ядзернай праграмы Ірана
- 20.06.2025, 16:54
- 21,628

Атака 60 знішчальнікаў Ізраіля скончылася поспехам.
ЦАХАЛ у ноч на 20 чэрвеня здзейсніў серыю ўдараў у самым цэнтры Тэгерана: былі знішчаныя дзясяткі цэляў, уключаючы аб'екты па вытворчасці ракетнага ўзбраення і штаб-кватэру SPND, якая займаецца распрацоўкай і даследаваннямі ў рамках іранскай ядзернай праграмы. Пра гэта паведамляе Войска абароны Ізраіля.
Больш за 60 знішчальнікаў ВПС Ізраіля, дзейнічаючы на аснове дакладных звестак выведкі, нанеслі ўдары па дзясятках вайсковых цэляў на тэрыторыі Ірана, выпусціўшы блізу 120 боепрыпасаў.
Цягам ночы пад Тэгеранам былі атакаваныя некалькі прамысловых аб'ектаў, якія выкарыстоўваліся для вытворчасці ракет. Гэтыя аб'екты ствараліся цягам многіх гадоў і служылі важным прамысловым цэнтрам для Міністэрства абароны Ірана.
Сярод цэляў прадпрыемствы, якія вырабляюць кампаненты ракет, а таксама аб'екты, якія выпускалі сыравіну для ліцця ракетных рухавікоў.
«У рамках прадаўжэння намаганняў па падрыве іранскай ядзернай праграмы ЦАХАЛ нанёс удар па штаб-кватэры SPND у Тэгеране. Гэтая структура займаецца распрацоўкай і даследаваннем перадавых тэхналогій і ўзбраенняў, якія падтрымліваюць вайсковы патэнцыял іранскага рэжыму. Штаб быў заснаваны ў 2011 годзе Махсэнам Фахрызадэ, стваральнікам ядзернай праграмы Ірана», — гаворыцца ў прэс-рэлізе ЦАХАЛ.
Акрамя таго, быў пашкоджаны аб'ект, які вырабляе ключавы кампанент іранскай праграмы па стварэнні ядзернай зброі.
Адначасова з гэтым цягам ночы сіламі СПА ВПС Ізраіля былі перахопленыя чатыры беспілотнікі, запушчаныя з тэрыторыі Ірана.