«А потым мы дорым гэтыя машыны, таму што яны нікому не патрэбныя»
8- 20.06.2025, 18:27
- 25,952

Вар'яцтва беларускіх уладаў выйшла на новы ўзровень.
У Беларусі зноў вырасла шырокая грашовая маса, асабліва аб'ём рублёў гатоўкай, і прыкметна разагналіся кошты: у траўні гадавы прырост склаў 7,1%, што зусім не ўкладваецца ў разлікі ўраду.
Зрэшты, новы кіраўнік Нацбанка Раман Галоўчанка сцвярджае, што гэта проста ў краінах-партнёрках эканоміка запаволілася, а інфляцыя паскорылася – так што і тое, што адбываецца ў Беларусі «цалкам дапушчальнае». Але ў цэлым, паводле словаў Галоўчанкі, інфляцыя пад кантролем.
– Яны кажуць: калі інфляцыя ў асноўных краінах-партнёрках паскорыцца, а попыт на нашы тавары будзе падаць – у нас ёсць «разумны кампраміс», разганяць інфляцыю ў сябе ў краіне, напампоўваць эканоміку «грашыма». Як гэта можа дапамагчы, калі попыту няма, я не вельмі разумею – можна выпусціць прадукцыі больш, а куды вы гэта прадаваць будзеце? – запытвае эканаміст Сяргей Чалы на канале БРЦ.
У цяперашніх умовах, кажа аналітык, «фразы і ідэі, якія здаваліся зусім вар'яцкімі ўсяго пару гадоў таму, будуць здавацца зусім разумнымі ў параўнанні з тым, што адбываецца».
Напрыклад, калі летась Беларусь прадавала трактары «за апельсіны» ў краіны Афрыкі, то цяпер улады проста перадаюць айчынную прадукцыю патэнцыйным краінам-партнёркам «бязвыплатна, гэта значыць дарма».
З'ездзіла сёлета ўрадавая дэлегацыя РБ у Ліван – з помпай прывезлі 100 тонаў сухога малака і 17 машынаў хуткай дапамогі. Проста так, у якасці жэсту сяброўства і падтрымкі ліванскага народа. Дзіўны спосаб наладзіць трывалае гандлёвае партнёрства, зазначае Чалы.
Зрэшты, прадаўжае аналітык, не Афрыкай і Блізкім Усходам адзіным – рэжым шукае сабе шчыліны і выгаднае супрацоўніцтва, дзе толькі можа. Так, нядаўна Лукашэнка раптам успомніў, што ў Калінінградзе шмат беларусаў (у свой час з'ехалі, дарэчы з эканамічных чыннікаў) – а значыць, «свае людзі», трэба сябраваць цясней.
Але пакуль не атрымліваецца: наведаўшы «Белкамунмаш» і МАЗ, губернатар Калінінградскай вобласці не захацеў неадкладна набыць процьму беларускай пасажырскай тэхнікі, а загаварыў пра ўласны завод для вытворчасці акумулятарных батарэй – маўляў, іх можна будзе выкарыстоўваць на беларускім электратранспарце, і ўжо тады «мы будзем выкарыстоўваць супольны прадукт на дарогах Калінінград.
– Такое вось у нас цяпер эканамічнае супрацоўніцтва, – з іроніяй канстатуе Сяргей Чалы «поспехі» беларускіх уладаў на калінінградскім кірунку.
Лукашэнка ўвесь час апавядае пра тое, што мы тое і тое захавалі з савецкіх часоў. Але што вы там захавалі, калі ў вас цяпер зборка кітайскіх мадэляў, а ўсё, што магло быць тэхналагічнага – не сваё?
Нават батарэю збіраюцца чужую ставіць. Дык у чым даданая вартасць для беларускай эканомікі? Уласна, адвёрткавая зборка – і ўсё?
А потым мы дорым гэтыя машыны, таму што яны збольшага нікому не патрэбныя.