Эканамістка адказала на заявы Лукашэнкі пра сельскую гаспадарку
15- 20.06.2025, 21:49
- 19,554

Кайданкамі сітуацыю не выправіш.
На гэтым тыдні Лукашэнка правёў семінар-нараду ў Менскай вобласці: зноў «ратаваў» сельскую гаспадарку і патрабаваў дысцыпліны, раіў беларусам вырошчваць бульбу на агародах і разносіў падначаленых за захаванасць буйной рагатай жывёлы. Толькі саміх кароваў хваліў, зноў прапанаваўшы паставіць карміцелькам помнік.
Але ці эфектыўная створаная самім Лукашэнкам сістэма кіравання АПК, ці прыносяць аддачу дзяржаўныя інвестыцыі ці літаральна закопваюцца ў зямлю?
– Калі ўзяць інфармацыю з адкрытых крыніцаў – паводле вынікаў траўня-2025 сельская гаспадарка сышла ў -1% у параўнанні з мінулым годам, – каментуе эканамістка, экспертка ў сферы дзяржкіравання Аліса Рыжычэнка на «Еўрарадыё».
– Падзеж быдла, у тым ліку кароваў і свіней, прадаўжаецца з неверагоднымі тэмпамі, і Лукашэнка пагражае «ўсіх пасадзіць».
Усе словы, што трэба развіваць сучасны бізнэс у аграпрамысловай галіне, так і застаюцца словамі.
Як толькі робяцца нейкія спробы з боку насельніцтва развіваць прыватную сельскую гаспадарку – толькі адзінкам удаецца гэта зрабіць так, каб рана ці позна не прыйшлі і не «адціснулі» ў цябе тваю ж ферму, гаспадарку, у якую ты ўкладваў не толькі грошы, фізічныя сілы, але і душу.
На справе – якія ўмовы створаныя для бізнэсу, каб ён развіваўся ў гэтай галіне? Можна прывесці ў прыклад той самы Полацкі малочны камбінат, да якога далучылі некалькі стратных прадпрыемстваў, і цяпер ён проста стаіць на каленях.
Хоць да гэтага ўвесь час быў паспяховы, нават суперпрыбытковы, ягоную прадукцыю ведалі і шанавалі і ў Беларусі, і ў Расеі, і за мяжой. Цяпер жа ён не можа пакрываць страты прымацаваных прадпрыемстваў, ды яшчэ і сябе трымаць на плаву.
Вось якія захады рэальна ўжываюцца ў малочнай галіне. А тое, што кажа Лукашэнка, нібыта трэба нешта там развіваць – а што вы зрабілі для таго, каб гэта развівалася? Якія законы былі прынятыя, якія кіраўнічыя захады рэалізаваныя?
Што вы зрабілі, каб прыходзілі прыватныя інвестыцыі ў гэтую галіну, каб былі інвестыцыі ў тэхналогіі ў сельскай гаспадарцы? Вы зарэгулявалі кошты, вы «адціскаеце» прыватны бізнэс, вы стварылі атмасферу, дзе быць фермерам – нешта, на жаль, зусім нямоднае, «калгаснае».
У той час як уся Еўропа зарабляе на прыватнай фермерскай гаспадарцы, і гэта вялізны ўклад у эканоміку – Беларусь надумала падмяць усё гэта пад дзяржмашыну. У выніку мала таго, што ў цэлым у краіне эканоміка кіруецца вельмі неэфектыўна, дык яшчэ і сельскай гаспадаркай кіраваць не ўмеюць якасна і вынікова.
Не дзіўна, рэзюмуе Аліса Рыжычэнка, што ў беларускай прамысловасці, паводле афіцыйных звестак, дзель прыватнай уласнасці ўсё яшчэ захоўваецца блізу паловы ад агульнага аб'ёму – а ў сельскай гаспадарцы складае менш за 9%.
– Пытанне, калі ўсё астатняе дзяржаўнае – то якіх вы інвестыцый чакаеце, якіх тэхналогій у гэтай галіне чакаеце? Лукашэнка можа пагражаць кайданкамі, кагосьці пасадзіць – але ў такіх умовах, на жаль, тэхналогіі не нараджаюцца.