22 лiпеня 2025, aўторак, 6:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Найбуйнейшае абароннае прадпрыемства РФ спыніла працу

10
Найбуйнейшае абароннае прадпрыемства РФ спыніла працу

УСУ двойчы за тры дні атакавалі завод у Туле, які распрацоўвае высокадакладную зброю.

У выніку некалькіх нападаў украінскіх беспілотнікаў адно з найбуйнейшых абаронных прадпрыемстваў Расеі, якое распрацоўвае высокадакладную зброю, АТ «Канструктарскае бюро прыборабудавання імя акадэміка А. Г. Шыпунова» (КБП) у Туле спыніла працу. Пра гэта паведамілі крыніцы Astra у экстранных службах рэгіёну.

Першы налёт, у якім удзельнічалі пяць дронаў УСУ, адбыўся ў сераду, 18 чэрвеня. Вынікам удараў стаў пашкоджаны будынак электрападстанцыі, трох складоў з прадукцыяй і адміністрацыйнай пабудовы. Комплекс ахапіў пажар, які распаўсюдзіўся на 400 кв. метраў. Другую атаку ўкраінскія войскі ажыццявілі ў ноч на пятніцу, 20 чэрвеня. Адзін з запушчаных БПЛА патрапіў у ангар для загрузкі гатовай прадукцыі – там, паводле звестак крыніцаў, пашкодзіла дах і сцены. У выніку праца прадпрыемства была спыненая.

Міністэрства абароны РФ у ранішняй зводцы паведаміла пра знішчэнне трох украінскіх беспілотнікаў у Тульскай вобласці мінулай ноччу. 18 чэрвеня, паводле звестак установы, таксама былі збітыя тры БПЛА, а раніцай у чацвер – яшчэ два.

Пра ўкраінскія атакі на Тульскую вобласць 18 і 20 чэрвеня паведамляў і кіраўнік рэгіёну Дзмітрый Міляеў. Паводле ягоных звестак, сілы СПА збілі ў гэтыя дні шэсць дронаў УСУ. «Паводле папярэдніх звестак, пашкоджанняў будынкаў і інфраструктуры не зафіксавана, пацярпелых няма», – напісаў ён у тэлеграм-канале ў пятніцу.

Паводле адкрытых крыніцаў, атакаванае прадпрыемства ўяўляе з сябе праектна-канструктарскае бюро, якое стварае высокадакладную кіраваную зброю для сухапутных войскаў, ВМФ і ВКС, сістэмаў СПА, хуткастрэльныя гарматы і баявую стралковую зброю, а таксама прадукцыю цывільнага прызначэння. КБП уваходзіць у «Растэх», з'яўляючыся адным з прадпрыемстваў холдынгавай кампаніі НВА «Высакадакладныя комплексы».

Улетку 2014 года яго ўключылі ў экспартны санкцыйны спіс ЗША. У лютым 2020-га прадпрыемства патрапіла таксама ў амерыканскі блакавальны санкцыйны спіс. У снежні 2023 года праз расейскае ўварванне ва Украіну КБП дадалі ў санкцыйны спіс Еўразвязу.

У ноч на 7 траўня беспілотнікі УСУ нанеслі серыю ўдараў па Тульскай вобласці, пасля аднаго з якіх у раёне вуліцы Шчаглоўская засека ў Туле, дзе і размяшчаецца КБП імя Шыпунова, пачаўся моцны пажар. Там жа знаходзіцца НВА «Сплаў» – галоўнае прадпрыемства РФ у распрацоўцы і вытворчасці рэактыўных сістэмаў залпавага агню, цяжкіх агнямётных сістэм, боепрыпасаў да іх, а таксама авіяцыйных ракетаў. Які з двух аб'ектаў тады трапіў пад удар, пакуль не зразумела.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках