Восем матацыклаў не даехалі да Беларусі праз Латвію
1- 20.06.2025, 19:08
- 5,110

Яны патрапілі пад санкцыі ЕЗ.
Латвійскія мытнікі не прапусцілі ў Беларусь восем матацыклаў. Яны патрапілі пад санкцыі ЕЗ, бо ўважаюцца за прадметы раскошы.
Інцыдэнт здарыўся яшчэ 10 чэрвеня, але латвійская мытня паведаміла пра яго толькі сёння. На мытны пункт пропуску Патэрніекі (з беларускага боку – Грыгораўшчына) прыехаў грузавік з літоўскімі (цягач) і казахскімі (прычэп) рэгістрацыйнымі нумарамі. Сярод грузу былі і восем матацыклаў.
«Падчас праверкі наяўнай у распараджэнні мытнага органа інфармацыі было вызначана, што месяц таму на мытным пункце пропуску Патэрніекі была адхіленая партыя матацыклаў ад таго ж адпраўніка, якая, паводле суправаджальных дакументаў, прызначалася іншаму атрымальніку ва Узбекістане», – адзначаюць латвійскія мытнікі.
Пасля звароту ў Мытную службу краіны-атрымальніцы ў латвійскіх мытнікаў узніклі сумненні наконт таго, куды ж насамрэч адпраўляюцца матацыклы. Яны западозрылі, што тавар трапіць у Беларусь ці Расею ў абыход санкцый. Таму вываз тэхнікі праз латвійска-беларускую мяжу быў забаронены.
У латвійскай мытні нагадалі, што санкцыі ЕЗ забараняюць экспарт у Беларусь і Расею прадметаў раскошы. У гэты спіс уключаныя ў тым ліку матацыклы коштам больш за 5 тысячаў еўраў, а таксама прыналежнасці і запасныя часткі да іх. У суправаджальных дакументах, прыкладзеных да экспартнай дэкларацыі, было адзначана, што кошт кожнага матацыкла перавышае ліміт.