Кіраўнік МЗС Украіны нагадаў, што адбываецца з «расейскімі нагамі», калі яны крочаць на чужую зямлю
7- 20.06.2025, 21:58
- 19,244

Андрэй Сібіга рэзка адказаў на цынічныя заявы Пуціна.
Міністр замежных справаў Украіны Андрэй Сібіга, каментуючы цынічныя заявы расейскага дыктатара пра тэрыторыю Украіны, заявіў, што «Пуціну абыякава да расейскіх салдатаў або іх ног, разарваных украінскімі беспілотнікамі».
Пра гэта ён напісаў на платформе Х.
«Цынічныя заявы Пуціна дэманструюць поўнае грэбаванне мірнымі намаганнямі ЗША. У той час як Злучаныя Штаты і астатні свет заклікаюць да неадкладнага спынення забойстваў, галоўны ваенны злачынец Расеі абмяркоўвае планы захопу новых тэрыторый Украіны і забойствы яшчэ большай колькасці ўкраінцаў», – адзначыў Сібіга.
Паводле ягоных словаў, сярод усіх апошніх вар’яцкіх заяваў Пуціна асабліва вылучаюцца словы пра «нагу расейскага салдата».
«Насамрэч, куды б ні ступала нага расейскага салдата, гэта нясе з сабой толькі смерць, разбурэнне і спусташэнне. Пуціну абыякава да расейскіх жаўнераў ці іх ног, разарваных украінскімі беспілотнікамі. Ён з'яўляецца масавым забойцам уласнага народа. Ён ужо страціў мільён расейскіх салдатаў у бессэнсоўнай кровапралітнай вайне супраць Украіны, не дасягнуўшы ніводнай стратэгічнай мэты. Адзін мільён салдатаў. Два мільёны ног», – падкрэсліў міністр.
Сібіга адзначыў, што крамлёўскі лідар не проста пагарджае чалавечым жыццём, але і ставіць расейцаў «на калені» ўнутры краіны, у той час, як ягоныя заявы служаць толькі для адарвання ўвагі ад краху ўласнага кіравання.
«І пакуль Пуцін заняты тым, што выпраўляе расейскія ногі на ўварванне ў іншыя краіны, ён ставіць расейцаў унутры краіны на калені эканамічна... Ён прывёў Расею ў ганебны клуб рэжымаў-ізгояў, такіх як Паўночная Карэя і Іран, міжнароднай ізаляцыі і бясконцай эканамічнай стагнацыі, якая будзе толькі пагаршацца», – адзначыў ён.
Кіраўнік МЗС Украіны таксама заклікаў міжнародную супольнасць не пакідаць Расеі адчування беспакаранасці.
«Адзіны спосаб прымусіць Расею да міру – гэта павялічыць падтрымку абароны Украіны, нанесці моцны ўдар па расейскай эканоміцы, прызнаць Расею тэрарыстычнай дзяржавай і цалкам яе ізаляваць», – рэзюмаваў ён.