Ізраіль ліквідаваў у Іране генерала КВІР, які адказваў за фінансаванне ХАМАСа і падрыхтоўку 7 кастрычніка
- 21.06.2025, 12:28
- 2,176

Ён быў ключавым каардынатарам паміж рэжымам аятолаў і ХАМАСам.
У ноч на суботу, 21 чэрвеня, выкарыстоўваючы дакладныя выведзвесткі знішчальнікі ВПС ЦАХАЛа ліквідавалі ў раёне іранскага горада Кума камандуючага палестынскім корпусам сіл «Кудс» Саіда Ізадзі. Ён быў ключавым каардынатарам паміж рэжымам аятолаў і ХАМАСам, пішуць «Детали».
Пра гэта распавяла прэс-служба ЦАХАЛа. Ізадзі быў ліквідаваны, калі знаходзіўся ў хованцы. У іранскіх сацыяльных сетках цыркулюе ролік аб нападзе, які, з вялікай імавернасцю, і з'яўляецца аперацыяй па ліквідацыі генерала. Іранскія СМІ пішуць, што ў выніку гэтага нападу забітыя два чалавекі, параненыя яшчэ два.
Ізадзі адказваў за вайсковую каардынацыю дзеянняў паміж старэйшымі камандзірамі КВІР і іранскага рэжыму і ключавымі фігурамі ХАМАСа. Адказваў за фінансаванне ХАМАСа з боку Ірана і падтрымліваў наўпроставыя кантакты палестынскімі групоўкамі ў Юдэі і Самарыі.
Ізадзі таксама быў адным з галоўных арганізатараў разні 7 кастрычніка і адным з нямногіх, хто ведаў пра яе загадзя. Падчас вайны ён таксама адказваў за кіраўніцтва сіламі ХАМАС, якія дзейнічалі з Лібана, у адпаведнасці з інтарэсамі іранскага рэжыму ў гэтым раёне. У апошні час яго актыўнасць была накіраваная на аднаўленне вайсковага крыла ХАМАС і захаванне яго кантролю ў сектары Газа.
Ізадзі быў адным з распрацоўшчыкаў і прапагандыстаў канкрэтнага плана іранскага рэжыму па знішчэнні Ізраіля, рэпетыцыяй якога стала 7 кастрычніка. Сутнасць плана — атака на Ізраіль адразу з некалькіх франтоў сіламі дзясяткаў тысяч тэрарыстаў з Лібана, пасля масаванага ракетнага нападу.
«Адплата дагоніць кожнага», — пракаментаваў ліквідацыю Саіда Ізадзі міністр абароны Ізраілю Ісраэль Кац.