ЗША прыбралі дзясяткі самалётаў з ключавой авіябазы на Блізкім Усходзе
- 21.06.2025, 13:42
- 8,472

Гэта сведчыць аб многім.
Спадарожнікі Planet Labs зафіксавалі раптоўнае знікненне дзясяткаў амерыканскіх вайсковых самалётаў з авіябазы Аль-Удэйд у Катары - ключавога стратэгічнага аб'екта ЗША на Блізкім Усходзе. Згодна з кадрамі ад 5 чэрвеня, на ўзлётнай паласе знаходзілася амаль 40 баявых самалётаў розных тыпаў. Аднак на навейшым здымку, зробленым 20 чэрвеня, засталося толькі тры, піша Business Insider.
Аналітыкі мяркуюць, што масавае разгрупаванне самалётаў можа быць прэвентыўным захадам у адказ на рост пагрозы з боку Ірана, які адкрыта пагражае ЗША ў выпадку іх умяшання ў канфлікт паміж Ізраілем і Тэгеранам. База Аль-Удэйд размешчаная непадалёк ад Персідскай затокі і застаецца адной з патэнцыйных галоўных цэляў у выпадку эскалацыі.
Напружанасць узрасла пасля таго, як ізраільскія сілы на мінулым тыдні пачалі серыю шырокамаштабных авіяўдараў па тэрыторыі Ірана, у тым ліку па ядзерных аб'ектах, вайсковых базах, сістэмах СПА і навуковых установах. У адказ Іран зладзіў шэраг ракетных нападаў, а лідар краіны папярэдзіў ЗША аб «сур'ёзных наступствах» у выпадку падтрымкі Ізраіля.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў на гэтым тыдні, што «можа далучыцца» да кампаніі Ізраіля, намякаючы на магчымасць выкарыстання стратэгічных бамбавікоў B-2 Spirit для ўдараў па глыбока абароненым аб'ектах, напрыклад, па ядзерным комплексе Фардо. Для гэтага можа быць выкарыстаны 15-тонны боепрыпас GBU-57 MOP - самая магутная няядзерная бомба ў амерыканскім арсенале, прызначаная для знішчэння бункераў.

Тым часам ЗША працягваюць сцягваць дадатковыя сілы ў рэгіён, у тым ліку авіяносцы, эсмінцы, самалёты-запраўшчыкі і падраздзяленні СПА. Амерыканскія вайскоўцы ўжо ўдзельнічалі ў перахопе іранскіх ракет, накіраваных на Ізраіль.
Размяшчэнне і перамяшчэнне вайсковых сіл сведчаць аб высокім узроўні баявой гатоўнасці на выпадак далейшай эскалацыі.