Вядомага менскага бізнэсоўца пасадзілі за палітыку
8- 21.06.2025, 13:45
- 18,900

У 2008 годзе ён атрымаў прэмію «Прадпрымальнік года».
Раман Грыцаль доўгі час кіруе бізнэсам у вытворчасці вокнаў. Суд над ім адбыўся тры месяцы таму, але пра яго стала вядомая толькі цяпер. Яму пагражала да пяці гадоў калоніі, піша udf.
Раману Грыцалю 48 гадоў. Паводле інфармацыі Digital Intelligence Team, родам ён з вёскі Раздольнага Прыморскага краю Расеі, але даўно жыве ў Беларусі і мае беларускае грамадзянства. Скончыў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт.
Пасля ўніверсітэта пайшоў у бізнэс. Больш за дзесяць гадоў, з 2003 года, ён працаваў дырэктарам беларуска-амерыканскага Завода шклопакетаў і архітэктурнага шкла (GlassBel). Гэта прадпрыемства займалася вырабамі са шкла для архітэктуры, будаўніцтва, праектным дызайнам, развязаннямі для транспарту і іншым.
Напрыклад, тэхналогія, распрацаваная на прадпрыемстве, легла ў аснову стварэння шклопакетаў для шклення расейскага марскога флоту. А ў 2007-м Раман атрымаў грамату на конкурсе «за найлепшае дасягненне ў будаўнічай вобласці» за тое, што на заводзе наладзілі вытворчасць шклопакетаў з падагрэвам.
У 2008 годзе Раман атрымаў прэмію «Прадпрымальнік года» як адзін з найлепшых прадпрымальнікаў-экспарцёраў — амаль 80% прадукцыі завода ішло на экспарт, у асноўным у Расею і Украіну. У той жа год яе атрымалі і Віктар Бабарыка з Белгазпрамбанкам у катэгорыі «Найлепшы банк для прадпрымальнікаў».
З 2013 года Раман стаў дырэктарам Завода супрацьпажарных вырабаў. Ён вырабляе супрацьпажарныя канструкцыі з выкарыстаннем шкла - дзверы, вокны, перагародкі, лесвіцы і іншае.
Да арышту ў 2024-м Грыцаль быў дырэктарам фірмы «Глас Інжынірынг» і яе філіяла ў Расеі, фірмы «Саўтрансмаш», таксама мае ІП. Увесь бізнэс па той жа тэме - шкленне, праектаванне і мантаж канструкцый са шклом для кватэр, будынкаў і транспарту.
У мужчыны ёсць жонка і двое дзяцей — паўналетняя дачка і непаўнагадовы сын. Жонка займаецца бізнэсам разам з ім.
Дата затрымання Грыцаля невядомая, але апошні раз ён нешта пісаў у чатах у тэлеграме ў ліпені 2024 года. Быў затрыманы не пазней за восень 2024 года.
Суд над ім пачаўся 6 сакавіка 2025 года. Яму ставілі ў віну два артыкулы - «распальванне варожасці» (ч.1 арт.130 КК) і» арганізацыя або ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч.1 арт.342 КК). Раману пагражала да пяці гадоў калоніі, але сутнасць абвінавачвання невядомая.
Бізнэсоўцу прысудзілі хімію з накт=іраваннем або калонію. Аднак, паколькі Раман пасля суда так і не з'явіўся ў сацсетках і мэсэнджарах, а ў тэлеграме быў «вельмі даўно», можна меркаваць, што яму далі тэрмін у калоніі.