У Сірыі затрыманы стрыечны брат Башара Асада
2- 21.06.2025, 15:49
- 6,904

Яго называюць адным з самых вядомых наркагандляроў.
У Сірыі затрыманы стрыечны брат зрынутага дыктатара Башара Асада. Аб гэтым у суботу паведаміла дзяржаўнае агенцтва САНА. Паведамленне пацвердзілі ў МУС, цытуе «Радыё Свабода».
У заяве ведамства гаворыцца, што Васім Асад «уважаецца за аднаго з самых вядомых наркагандляроў у Сірыі і браў удзел у злачынствах старых уладаў».
Крыніцы САНА сцвярджаюць, што ён быў затрыманы непадалёк ад мяжы з Лібанам. Афіцыйна не паведамлялася аб тым, якія менавіта абвінавачанні выстаўленыя сваяку Башара Асада.
Васім Асад у 2023 годзе быў уключаны ў санкцыйныя спісы ЗША і ЕЗ. Сцвярджалася, што ён нясе адказнасць за кантрабанду наркотыкаў, прынамсі, каптагона, а таксама ўзначальваў ваенізаваныя атрады прыхільнікаў Башара Асада.