18 лiпеня 2025, Пятніца, 13:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

За што чацвёрты раз асудзілі палітзняволеную Вікторыю Кульшу

11
За што чацвёрты раз асудзілі палітзняволеную Вікторыю Кульшу

Вязень сумлення адмовілася здымацца ў прапагандысцкім відэа.

«Радыё Свабода» стала вядома, на якой падставе 43-гадовай палітзняволенай Вікторыі Кульшы чацьвёрты раз прызначылі дадатковы год зняволення.

Гэтай інфармацыяй са спасылкай на дасведчаную крыніцу ў папраўчай калоніі №24 (Зарэчча, Рэчыцкі раён) падзялілася былая палітычная зняволеная, актывістка грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Паліна Шарэнда-Панасюк.

«Сядзела на падлозе», «не павіталася», «украла з фабрыкі іголку» — такія парушэнні фігуравалі ў справе палітзняволенай Вікторыі Кульшы, якой 11 чэрвеня прызначылі яшчэ год пазбаўлення волі. За амаль пяць гадоў зняволення жанчыну ўжо чатыры разы судзілі паводле артыкула 411 Крымінальнага кодэкса аб «злосным непадпарадкаванні адміністрацыі папраўчай установы».

Пасля суда, які адбыўся ў Светлагорску, палітзняволеную вярнулі ў Гомельскае СІЗА.

Са слоў Паліны Шарэнда-Панасюк, справа супраць Вікторыі Кульшы была «высмактаная з пальца».

«Ёй некалькі разоў прапаноўвалі зняцца ў прапагандысцкае відэа, прасілі раскаяцца і абгаварыць іншых палітычных зняволеных, але яна адмаўляецца. Не ідзе на саступкі, хаця разумее, што новага тэрміну можа і не вытрымаць», — гаворыць Паліна Шарэнда-Панасюк.

Былая палітвязня спасылаецца на ўласны досвед адсідкі ў калоніі №24 у Зарэччы.

«За такія дробныя парушэнні, якія ёй прыпісалі ў справе, звычайных зняволеных там не заўжды нават у ШІЗА адпраўляюць. Але да палітвязняў стаўленне іншае, за іх чапляюцца, кожны крок пад кантролем, любая дробязь, як тая іголка, без якой жанчыне ў калоніі проста не пражыць, можа стаць злачынствам. Але прычына не ў парушэнні нейкіх бытавых правіл. Думаю, Вікторыі не могуць дараваць, што яна адмаўляецца супрацоўнічаць», - мяркуе Паліна Шарэнда-Панасюк.

Паводле звестак былой палітвязні, 11 чэрвеня на судзе супраць Вікторыі Кульшы сведчылі супрацоўнікі жаночай калоніі №24 Зміцер Саманчук, Дзяніс Ніканенка і Сяргей Капырын.

«Спачатку афармлялі выдуманыя рапарты, а потым паўтаралі іх у судзе. Там склалася такая «брыгада» па выкананні любых загадаў начальства», - кажа суразмоўніца.

Абвінавачанне супраць Кульшы падтрымала пракурор Таццяна Храсцюк, а судзіў палітзняволеную суддзя Светлагорскага гарадскога суда Аляксандр Валадзько, які і раней фігураваў у палітычных працэсах.

«Стан здароўя пагаршаецца»

Дасведчаная крыніца, на якую спасылаецца Паліна Шарэнда-Панасюк, паведамляе, што ў Вікторыі Кульшы працягвае пагаршацца здароўе.

«Напярэдадні суда яна месяц трымала галадоўку, хаця ўжо адчувала сябе вельмі дрэнна. У яе праблемы з гінекалогіяй, дыягнаставалі мастапатыю малочных залоз, кісту шчытападобнай залозы. Да таго ж у халодных камерах ШІЗА і ПКТ яна прастудзіла суставы ног, таксама пакутуе ад боляў у тазе, вымушана апранаць дадатковае адзенне. Ёй рэгулярна робяць уколы, але невядома, ці хапае лекаў, бо ў СІЗА лекі без дазволу перадаць немагчыма. Яна просіць аб дапамозе, звяртаецца да міжнароднай супольнасці, каб дапамаглі ёй вызваліцца», - распавяла былая палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк.

Вікторыі Кульшы 43 гады, яна з Менска, працавала інжынерам аховы працы. 4 лістапада 2020 года Кульшу затрымалі за тое, што яна адміністравала тэлеграм-чат "Кіроўцы 97% Менск".

У лютым 2021 года Вікторыю асудзілі паводле ч. 1 і ч. 2 ст. 342 Крымінальнага кодэкса («актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак») на 2,5 гады калоніі і накіравалі ў гомельскую жаночую калонію №4. Пасля першага суда паводле артыкула 411 у 2022 годзе Вікторыю Кульшу перавялі ў калонію №24 у Зарэччы Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках