ЗША нанеслі ўдары па Іране
- 22.06.2025, 8:10
- 22,586

Атакаваныя тры ядзерныя аб'екты.
Злучаныя Штаты Амерыкі далучыліся да аперацыі Ізраіля супраць ядзерных і вайсковых аб'ектаў Ірана. Нанесеныя ўдары па трох аб'ектах.
Пра гэта паведаміў прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у Truth Social.
«Мы закончылі нашу выключна паспяховую атаку на тры ядзерныя аб'екты ў Іране – Форда, Натанз і Ісфахан. Усе самалёты пакінулі паветраную прастору Ірана», – паведаміў ён.
Паводле словаў Трампа, на аб'ект у Форда былі скінутыя ўсе бомбы, а самалёты шчасна вяртаюцца на базу.
«Віншаванні нашым вялікім амерыканскім ваярам. У свеце няма іншага войска, здольнага на такое. Цяпер – час для міру», – дадаў ён.
Пра вынікі гэтага нападу пакуль падрабязнасцяў няма.
Варта адзначыць, што па гэтых іранскіх аб'ектах ужо некалькі дзён наносіць удары Ізраіль.

Пазней Трамп апублікаваў у Truth Social скрыншот з OSINT-старонкі Open Source Intel з тэкстам «Форда больш няма».

У той самы час амерыканскі чыноўнік паведаміў выданню Reuters, што бамбавікі B-2 бралі ўдзел у нападзе ЗША на Іран.
«B-2 можа быць абсталяваны для перавозкі 30000-фунтавага GBU-57 Massive Ordnance Penetrator, прызначанага для знішчэння цэляў глыбока пад зямлёй. Гэта зброя, якая, паводле словаў экспертаў, можа быць скарыстаная для ўдару па ядзернай праграме Ірана, уключаючы Форда», – піша выданне.