NYT: Іран трапіў на мяжу вайны з ЗША
- 22.06.2025, 10:12
- 7,650
Удары па ядзерных аб'ектах сталі рэзкім паваротам.
Ісламская Рэспубліка Іран трапіла на мяжу адкрытай вайны са Злучанымі Штатамі пасля серыі амерыканскіх авіяўдараў па ядзерных аб'ектах краіны. У адказ Іран заявіў пра гатоўнасць да маштабнага адказу, папярэдзіўшы пра небяспеку дэстабілізацыі ўсяго рэгіёну, піша The New York Times.
Напярэдадні ноччу ЗША нанеслі ўдары па трох ключавых ядзерных аб'ектах – у Форда, Натанзе і Ісфахане. Арганізацыя атамнай энэргіі Ірана пацвердзіла напад, назваўшы яго «жорсткім парушэннем міжнароднага права».
Кіраўнік МЗС Ірана Абас Арагчы, выступаючы на экстраннай нарадзе Арганізацыі ісламскага супрацоўніцтва ў Стамбуле, перасцярог: «Удзел ЗША ў канфлікце – гэта надзвычай небяспечны крок». Ён заклікаў мусульманскія краіны выступіць адзіным фронтам супраць гэтай агрэсіі.
Два высокапастаўленыя іранскія чыноўнікі заявілі ў тэкставых паведамленнях, што да ўдараў у Тэгеране была надзея, што Трампа змогуць адгаварыць ад атакі. Паводле словаў двух іранскіх чыноўнікаў, дыпламатычныя звароты Арагчы да еўрапейскіх калег, арабскіх лідараў у рэгіёне былі часткай гэтых намаганняў.
Іранскае вайсковае кіраўніцтва ўжо неаднаразова заяўляла, што любое ўмяшанне з боку ЗША выкліча маштабны адказ. Генерал Мохсэн Рэзаі папярэдзіў: у выпадку эскалацыі Тэгеран гатовы атакаваць амерыканскія базы, перакрыць Армузскі праліў і актывізаваць марское мінаванне.
Гэтыя ўдары сталі рэзкім паваротам у дыпламатычных намаганнях: да атакі Іран вёў перамовы пры пасярэдніцтве Амана, імкнучыся да дамоўленасці пра абмежаванне ядзернай праграмы ў абмен на паслабленне санкцый. ЗША ж настойвалі на поўнай ліквідацыі ўзбагачэння ўрану ў Іране, чым фактычна паставілі Тэгеран перад выбарам –капітуляцыя ці канфлікт.
Рызыкі для сусветнай энэргетычнай бяспекі растуць: праз Армузскі праліў штодзень праходзіць больш за 20 мільёнаў бараляў нафты. Іранскія хаўруснікі ў рэгіёне, уключаючы хусітаў у Емене, ужо заявілі пра магчымыя атакі на амерыканскія караблі ў Чырвоным моры.
Палітычныя аналітыкі ў Тэгеране папярэджваюць: як адказ, так і адмова ад яго могуць мець катастрафічныя наступствы для рэжыму. Удар у адказ пагражае вайной са звышдзяржавай, а капітуляцыя – стратай ядзернага патэнцыялу і рэгіянальнага ўплыву.