«Лета раз на тры дні»
3- 22.06.2025, 10:16
- 5,322

Сіноптыкі расказалі, што будзе з надвор'ем у Беларусі да канца чэрвеня.
Паводле звестак Telegram-канала Nadvorie, які піша пра надвор'е ў Беларусі, устойлівага цёплага і сухога надвор'я, не кажучы ўжо пра спякоту, у найбліжэйшыя дні чакаць не варта. Такія высновы там зрабілі на аснове звестак ECMWF (Еўрапейскі цэнтр сярэднетэрміновых прагнозаў надвор'я), піша «Тэлеграф».
Але спякота ўсё ж такі будзе? Як сказаць… Прыкладна раз на тры дні – 23, 27 чэрвеня і 1 ліпеня – краіна апынецца ў цёплых сектарах цыклонаў, якія рухаюцца з Атлантыкі праз поўнач Еўропы. Гэтымі днямі тэмпература ў Беларусі можа дасягнуць +25°С і нават вышэй.
«Лета раз на тры дні – такі нядрэнна», – з гумарам адзначылі спецыялісты канала.
Тым часам Telegram-канал Метэавайб паведаміў, што, за выключэннем паўднёвага захаду Беларусі, надвор'е ўжо з нядзелі зноў стане няўстойлівым. 22 чэрвеня на большай частцы тэрыторыі Беларусі чакаюцца кароткачасовыя дажджы, а месцамі – навальніцы. Найбольш інтэнсіўныя ападкі прагназуюцца на ўсходзе і паўднёвым усходзе.
Прычынай пагаршэння надвор'я, на думку метэаролагаў, стануць франтальныя раздзелы і прахалодная тылавая частка цыклону, цэнтр якога перамесціцца з поўдня Фінляндыі на захад еўрапейскай тэрыторыі Расеі. Да таго ж праз павелічэнне барычнага градыенту ўзмоцніцца паўночна-заходні вецер:
парывы да 15–18 м/с;
пры навальніцах магчымыя шквалы да 20 м/с.
Тым часам, у Белгідрамеце папярэдзілі, што 23 чэрвеня, у панядзелак, ноччу ў асобных раёнах па ўсходзе, днём месцамі па краіне будуць ісці кароткачасовыя дажджы. Днём жа можна чакаць навальніцы. Паветра ахалодзіцца ноччу да +5…+11°С, днём можа прагрэцца да +18…+25°С, хоць па паўднёвым захадзе можа быць і да +27°С.
А вось у аўторак, 24 чэрвеня, Белгідрамет спрагназаваў перамяшчэнне ва ўсходнім кірунку «актыўнай сістэмы франтоў», услед за якой пачнуць паступаць «халаднаватыя паветраныя масы паўночнаатлантычнага паходжання».
Усё гэта значыць, што амаль па ўсёй тэрыторыі Беларусі будуць ісці дажджы, ноччу і раніцай нават моцныя дажджы і навальніцы. Тэмпература паветра ноччу апусціцца да +9…+16°С, максімальная днём не перавысіць +16…+23°С.
«Полюс холаду» і тэмпературныя рэкорды
Дарэчы, надвор'е ў чэрвені радуе беларусаў чарговымі антырэкордамі. Як паведаміў Nadvorie, 21 чэрвеня ў Ашмянах і Валожыне зафіксавалі ўсяго 12,3°С, што, магчыма, стане самым халодным паказнікам лета 2025 года. У Менску максімум склаў +14,6°С, а апошні раз ніжэй тэмпература апускалася пяць гадоў таму – у чэрвені 2020-га (+9,5°С).
Дарэчы, у Еўропе халадней было толькі на поўначы так званай Фенаскандыі (рэгіён, які ўключае Скандынавію і Фінляндыю) і ў Ісландыі.