16 лiпеня 2025, Серада, 16:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Першая ў гісторыі баявая місія GBU‑57: Фардо «знік» пасля авіяўдару ЗША

Першая ў гісторыі баявая місія GBU‑57: Фардо «знік» пасля авіяўдару ЗША

Аперацыя была старанна спланаваная і трымалася ў строгай таямніцы.

Злучаныя Штаты Амерыкі распачалі маштабную ваенную аперацыю супраць Ірана, нанёсшы дакладныя ўдары па трох іранскіх ядзерных аб'ектах.

Гэтая аперацыя, якая адбылася ў ноч на 22 чэрвеня, стала найбуйнейшым ваенным умяшаннем ЗША ў рэгіёне за апошнія дзесяцігоддзі і азначыла афіцыйнае ўступленне ў вайну з Іранам. Dialog.UA разбіраўся ў дэталях.

ВПС і ВМС ЗША правялі масаваныя атакі на ключавыя ядзерныя аб'екты краіны: Форда, Нетэнз і Ісфахан. Падземны комплекс Фардо, размешчаны глыбока пад зямлёй, зазнаў удар ад шасці да дванаццаці звышмагутных бомбаў GBU-57.

Гэтыя 13,5-тонныя бомбы, кожная з якіх утрымлівае блізу 2,5 тоны выбухоўкі, былі дастаўленыя на цэлі самалётамі-няўгледкамі B-2.

Адметнай рысай аперацыі стала першае ў гісторыі баявое ўжыванне GBU-57 з боку ЗША.

Аб'екты Нетэнз і Ісфахан таксама былі атакаваныя: падводныя лодкі выпусцілі па іх блізу трыццаці крылатых ракетаў Tomahawk. Дадаткова па Нетэнзе былі скінутыя дзве супрацьбункерныя бомбы.

Аперацыя была старанна спланаваная і трымалася ў строгай таямніцы. Бамбавікі B-2 здзейснілі вылет з базы Уітмэн у ЗША, дасягнулі Ірана і шчасна вярнуліся без стратаў.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп з Белага дому павіншаваў амерыканскія Узброеныя сілы з «уражлівым ваенным поспехам». Ён заявіў: «Усе самалёты шчасна вярнуліся дадому. Надышоў час міру!»

Лідар ЗША таксама папярэдзіў Тэгеран, што калі той не пагодзіцца на мір, «ёсць яшчэ шмат цэляў, і наступныя ўдары будуць нашмат горшыя».

Прэм'ер Ізраіля Біньямін Нетаньяху выказаў падзяку ЗША, адзначыўшы, што абяцанне знішчыць ядзерныя аб'екты Ірана было выкананае. Тым часам Іран запытаў экстраннае паседжанне Рады бяспекі ААН.

Іранскія СМІ пагражаюць ЗША і амерыканскім грамадзянам. Тэгеран ужо абрынуў на Ізраіль новую хвалю ракетаў. Арганізацыя атамнай энэргіі Ірана заявіла, што не будзе прыпыняць свае распрацоўкі.

Пасля абследавання аб'ектаў радыеактыўных выцечак, папярэдне, знойдзена не было. Гэты напад з'яўляецца найбуйнейшай ваеннай аперацыяй ЗША супраць Ірана за апошнія дзесяцігоддзі. Выкарыстанне звышмагутных бомбаў GBU-57 падкрэслівае сур'ёзнасць намераў Вашынгтона. Аднак у ЗША ўжо пачаліся дыскусіі аб правамернасці гэтых удараў без ухвалення Кангрэса.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках