Украіна атрымлівае лёгкаматорныя самалёты для барацьбы з «Шахедамі»
5- 22.06.2025, 12:32
- 7,860

Галоўны камандзір УСУ раскрыў дэталі.
Украіна выкарыстоўвае лёгкаматорныя самалёты для барацьбы з расейскімі «Шахедамі». Ёсць новыя праекты ў гэтай сферы, якія фінансуюць партнёры.
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на галоўнага камандзіра УСУ Аляксандра Сірскага на сустрэчы з журналістамі.
«У супрацьдзеянні ўдарным дронам ворага ўжываецца прынцып рацыянальнасці і мэтазгоднасці для розных сродкаў паразы. Паколькі мы павінныя эканоміць зенітныя кіраваныя ракеты, то прыярытэтнымі для паразы «Шахедаў» з'яўляюцца мабільныя агнявыя групы», – сказаў ён.
Паводле словаў галоўнага камандзіра УСУ, на мабільныя агнявыя групы прыпадае найбольшая дзель знішчаных варожых дронаў. Эфектыўнасць такіх групаў складае да 40 адсоткаў.
Яшчэ адным з перспектыўных кірункаў процідзеяння «Шахедам» з'яўляецца выкарыстанне лёгкаматорнай авіяцыі. Украіна мае такія самалёты, а таксама атрымоўвае іх ад партнёраў.
«Яны ў нас ёсць і ёсць новыя праекты за кошт фінансавай і матэрыяльнай дапамогі з боку нашых замежных партнёраў. Гэты кірунак будзе развівацца. Мы атрымліваем сучасныя самалёты лёгкаматорнай авіяцыі, якія маюць сучаснае ўзбраенне і сродкі навігацыі, што павысіць эфектыўнасць супрацьдзеяння ўдарным дронам расейцаў», – заявіў Сірскі.
Таксама эфектыўным сродкам барацьбы з расейскімі беспілотнікамі з'яўляецца армейская авіяцыя, якая выкарыстоўваецца штодня і ўдзельнічае ў адбіцці дронавых атак.
«Мы маштабуем гэты кірунак. Арганізаванае супрацоўніцтва з партнёрамі, у першую чаргу з канадскімі, якія даюць нам магчымасць атрымаць сучасныя сістэмы назірання, прыцэльвання, што павышае баявыя магчымасці нашых гелікаптэраў», – дадаў галаўкам.