ЗША здзейснілі падманны манеўр падчас нападу на Іран
- 22.06.2025, 18:15
- 10,200

Самалёты B-2 ляцелі бамбіць Форда без пасадкі на востраве Гуам.
Амерыканскія бамбавікі B-2, якія вылецелі ў суботу з авіябазы Уайтмэн у заходнім кірунку, не здзяйснялі, як меркавалася, пасадку ні на авіябазе на востраве Гуам, ні на авiябазе Дыега Гарсія, а адразу прыступілі да выканання сваёй місіі – бамбаваць ядзерны аб'ект у Форда.
Пра гэта расказала ў нядзелю, 22 чэрвеня, газета The New York Times. Вылет B-2 упершыню быў зафіксаваны авіядыспетчарамі ў Нацыянальным аэрапорце Спрынгфілд-Брэнсан блізу 12:18 раніцы паводле ўсходняга часу. Пазней два самалёты паведамілі пра свае пазіцыі над Ціхім акіянам праз радыёсувязь паміж 5:59 раніцы і 7:44 раніцы паводле ўсходняга часу. Таму некаторыя аматары адсочваць палёты самалётаў паведамілі ў сацыяльных сетках, што пунктам прызначэння B-2 можа быць востраў Гуам у Ціхім акіяне, дзе знаходзіцца база ВПС Андэрсан.
Але на востраве Гуам бамбавікі не з'явіліся. На меркаванне экспертаў, інфармацыя, што бамбавікі рушылі на захад, у бок выспы Гуам, магла быць мэтанакіраваным падманным манеўрам. На самай справе яны паляцелі наўпрост да аб'екта ў Форда. І было іх не два, а значна больш, і яны скінулі некалькі (большасць крыніцаў называе лічбу 6, NYT піша пра «тузін») супрацьбункерных бомбаў на ключавы аб'ект іранскай ядзернай праграмы. Акрамя таго, адзін B-2 таксама скінуў дзве супрацьбункерныя бомбы на аб'ект у Натанзе.
Нагадаем, у суботу, 21 чэрвеня, распаўсюдзілася інфармацыя, што ад двух да чатырох бамбавікоў B-2, здольных несці супрацьбункерную бомбу, вылецелі з авіябазы Уайтмэн у штаце Місуры ў заходнім кірунку. Іх суправаджаюць чатыры самалёты-запраўшчыкі.
Тое, што бамбавікі вылецелі не на ўсход, а на захад, паказвае на тое, што, хутчэй за ўсё, канчатковым пунктам іх маршруту стане авіябаза на востраве Гуам у Ціхім акіяне. А потым, магчыма, яны пераляцяць на базу Дыега-Гарсія, якая размешчаная за 3500 кіламетраў ад Ірана і з якой ужо можна атакаваць Іран.
Процібункерная бомба GBU-57A/B важыць блізу 13 тонаў і мае даўжыню блізу шасці метраў. Яе боегалоўка змяшчае блізу 2,4 тоны выбухоўкі. Бомба абгорнутая ў цвёрды сталёвы сплаў і запускаецца з вялікай вышыні. Падаючы, яна разганяецца да хуткасці 2-3 Маха, пранікае ў цэль і прабівае пласты абароны, перш чым падарвацца. Трох-васьмі такіх бомбаў было б даволі, каб поўнасцю вывесці са строю аб'ект Форда.