Ратвейлер напаў на 6-гадовае дзіця ў Астравецкім раёне
34- 22.06.2025, 15:28
- 11,822

Дзіця атрымала сур'ёзныя траўмы і ў цяжкім стане трапіла ў лякарню.
У вёсцы Маркуны Астравецкага раёна блізу 11 раніцы нядзелі двое дзяцей каталіся на роварах. На аднаго з іх накінуўся ратвейлер, паведамляюць у Гарадзенскім УУС.
Паведамляецца, што сабака напаў, калі дзеці праязджалі міма аднаго з дамоў – сабака раптам выбег з-за плоту. Адзін з хлопцаў, 6-гадовы хлопчык, ад спалоху ўпаў з ровара – і на яго накінуўся ратвейлер. Другі паспеў з'ехаць і расказаць дарослым. Людзі прыйшлі на дапамогу, у выніку ім удалося адагнаць жывёлу і замкнуць яе ў вальеры.

Адзначаецца, што дзіця атрымала сур'ёзныя траўмы ног, у цяжкім стане яго адвезлі ў лякарню. Паводле папярэдняй інфармацыі, раней ратвейлер агрэсіі не выяўляў, быў належным чынам зарэгістраваны.
На месцы здарэння працуе міліцыя, дзеянням уладальніка сабакі будзе дадзеная прававая ацэнка.
У міліцыі папярэджваюць уладальнікаў буйных сабак, што яны нясуць поўную адказнасць за іх паводзіны і за негатыўныя наступствы, прычыненыя дзеяннямі жывёлы.