Кіраўнік МЗС Ірана тэрмінова вылецеў да Пуціна
1- 22.06.2025, 17:16
- 10,010

Тэгеран спадзяецца на дапамогу расейскага дыктатара.
Кіраўнік МЗС Ірана Абас Арагчы тэрмінова вылятае ў Расею на перамовы з Пуціным пасля таго, як ЗША наважыліся далучыцца да ўдараў па іранскіх ядзерных аб'ектах, якія больш за тыдзень бамбаваў Ізраіль.
«Я еду ў Маскву сёння, і заўтра раніцай у мяне сустрэча з прэзідэнтам Пуціным. Расея — сябар Ірана, і ў нас стратэгічнае партнёрства», — заявіў Арагчы на прэс-канферэнцыі ў нядзелю.
Расея хацела б умяшацца ў сітуацыю з Іранам, бо пад ударам блізкі партнёр і хаўруснік, было зроблена нямала дыпламатычных намаганняў, але ўсе спробы скончыліся безвынікова, распавялі The Moscow Times крыніцы, блізкія да замежнапалітычнага блока Крамля і да расейскага МЗС.
Са слоў адной з крыніц, дзейнага чыноўніка ўрада, Крэмль усё ж можа паспрабаваць паўплываць на тое, што адбываецца, у партнёрстве з «дружалюбнымі» краінамі - Кітаем, Бразіліяй і Індыяй. «Будзем спрабаваць стварыць нейкі фронт краін, якія выступаюць за мірнае развязанне іранскай ядзернай праблемы, – сказала крыніца. – Вельмі важна нейкім чынам паспрабаваць пераканаць амерыканскіх партнёраў у зоне [Персідскай] затокі, каб яны таксама пастараліся паўплываць на Вашынгтон у плане большай стрыманасці».
Расейска-іранская дамова аб стратэгічным партнёрстве не прадугледжвае вайсковай дапамогі, і чакаць ад Масквы «дэманстрацыі мускулаў» у падтрымку Ірана наўрад ці варта.