«Змагацца супраць лукашызму»: першы выступ Сяргея Ціханоўскага на волі
7- 23.06.2025, 8:39
- 13,704

Фота: Yauhen Yerchak/Anadolu via Getty Images
Народны блогер звярнуўся да беларусаў.
Сяргей Ціханоўскі і іншыя вызваленыя вязні рэжыму Лукашэнкі правялі першую прэс-канферэнцыю пасля выхаду на волю.
- У першую чаргу [хачу сказаць дзякуй] усім тым, хто набліжаў дзень майго вызвалення. Таксама я хачу падзякаваць усім дыпламатам і палітыкам Злучаных Штатаў, якія зрабілі маё вызваленне магчымым. У першую чаргу прэзідэнту Дональду Трампу, - адзначыў Сяргей Ціханоўскі - Прэзідэнт Трамп цяпер валодае такой сілай і магчымасцю, калі ён можа адным словам вызваліць усіх палітычных зняволеных Беларусі. І я прашу яго зрабіць, сказаць гэтае слова.
Пасля гэтага Ціханоўскі падзякаваў таксама палітыкам і дыпламатам Літвы, асобна адзначыўшы прэзідэнта Гітанаса Наўседу — за тое, што той «у свой час выратаваў яго дзяцей, сям'ю, а таксама дапамагаў яму і ўсім беларусам». Такая ж персанальная падзяка адправілася экс-прэзідэнту Польшчы Анджэю Дуду і польскім палітыкам.
Пасля пераліку іншых палітыкаў, якія яму дапамагалі, і не толькі Ціханоўскі звярнуўся да беларусаў:
- Калі вы чакалі знак, вось ён, - сказаў ён, падняўшы ў паветра сціснуты кулак - сімвал пратэстаў 2020 года.
- Дзяржавы гінуць тады, калі не могуць больш адрозніць дрэнных людзей ад добрых, - прадоўжыў Ціханоўскі. - Што адбылося са мной? Абвінавачанне, выстаўленае супраць ката, стала прысудам для ахвяры. Я быў падобны на чалавека, які выйшаў палюбавацца вясёлкай, але быў падбіты маланкай.
Са слоў Ціханоўскага, улады называюць тых, хто ім супрацьстаіць, «здраднікамі». Але, на яго думку, здраднікі - гэта ўсе, хто ім не супраціўляецца. Ціханоўскі зрабіў адсылку да цытаты амерыканскага пісьменніка Марка Твэна і нагадаў, што калі чалавек бачыць, што «палітычнае адзенне яго краіны знасілася, і маўчыць», то ён не з'яўляецца адданым Радзіме грамадзянінам.
- Мы павінны змагацца супраць лукашызму, - заклікаў Ціханоўскі. — Калі ім не супрацьстаяць, яны спустошаць нашу краіну, створаць край, пазбаўлены справядлівасці і спагады, зямлю, якая матэрыяльна і духоўна збанкрутавала. Беларусь сёння - гэта царства самай бессаромнай хлусні. Бесперапыннае злоўжыванне надзеяй, поўная пагарда да праўды, людзі часта ўспрымаюць ілюзію за рэальнасць, грэбуючы тым, што насамрэч з'яўляецца важным. Сістэма ўладкаваная так, што кожны, хто не спрабуе штосьці пазнаць, будзе спакойна жыць у шчаслівым няведанні, а таму, хто выдаткаваў сілы і час, будзе вельмі цяжка дабрацца да ісціны.