Мянчанку хутка звольнілі за паўгода да пенсіі, да гэтага змяніўшы ўмовы працы
2- 23.06.2025, 12:36
- 5,430

Ёй удалося вярнуцца на працу.
У Менску наймальнік надумаў разарваць працоўныя стасункі з працаўніцай, якой да пенсіі заставалася некалькі месяцаў. Патрэбна была важкая прычына, і для сябе ён яе знайшоў, аднак звольненая звярнулася па дапамогу. У выніку яе аднавілі на працы, паведаміла «Зеркало» са спасылкай на праўладную Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі.
Жанчына працавала на адным са сталічных прадпрыемстваў з 2007 года, працавала на розных пасадах. І вось за некалькі месяцаў да пенсіі атрымала нечаканае апавяшчэнне, дзе гаварылася «аб змене істотных умоў працы».
Пастанову наймальнік абгрунтаваў тым, што неабходна прывесці працоўныя функцыі ў адпаведнасць з кваліфікацыйным даведнікам пасад і заканадаўствам. Гэта значыць, фактычна, размова ішла аб канкрэтызацыі службовых абавязкаў, а не аб вытворчых, арганізацыйных або эканамічных фактарах, зазначаюць у федэрацыі.
Жанчына з прапанаваным варыянтам не пагадзілася. Палічыла дзеянні наймальніка неабгрунтаванымі і больш за тое — «якія наўмысна перашкаджаюць выкананню працы».
Той спрачацца не стаў, проста звольніў супрацоўніцу, нягледзячы на тое, што да агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту ёй заставалася пяць месяцаў.
Жанчына з дапамогай спецыялістаў падрыхтавала пазоў у суд.
Падчас слухання справы наймальнік змяніў пазіцыю. Спрабаваў спаслацца на тое, што змена ім істотных умоў працы супрацоўніцы была выкліканая вытворчымі і эканамічнымі прычынамі.
Суд устанавіў, што патрабаванні мянчанкі абгрунтаваныя і падлягаюць задавальненню. Былая работніца адноўленая на ранейшай пасадзе.
Акрамя таго, наймальнік абавязаны выплаціць ёй кампенсацыю ў суме сярэдняга заробку за час вымушанага прагулу і кампенсаваць маральную шкоду. Агулам — блізу 4 тысяч рублёў.