Трамп: Не дапускайце павышэння коштаў нафты
- 23.06.2025, 18:04
- 3,462

Прэзідэнт ЗША адзначыў, што павышэнне коштаў "гуляе на руку ворагу" яго краіны.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп апублікаваў у сваёй сацсетцы Truth Social допіс з заклікам не дапусціць росту коштаў нафты. Ён адзначыў, што такое развіццё падзей "гуляе на руку ворагу" яго краіны.
Заява Трампа была апублікаваная на фоне асцярог з нагоды магчымага сілавога адказу Ірана на ўдары ЗША па іранскіх ядравых аб'ектах, а таксама росту напружанасці на Блізкім Усходзе. «Не дапускайце павышэння коштаў нафты. Я сачу за гэтым! Вы гуляеце на руку ворагу. Не рабіце гэтага!» - напісаў Трамп.
Следам амерыканскі прэзідэнт звярнуўся да Мінэнерга ЗША: «Буры, дзетка, буры!!! Я маю на ўвазе зараз!!!»
Фраза «Буры, дзетка, буры!» (Drill, baby, drill!) была адным з неафіцыйных лозунгаў перадвыбарнай кампаніі Дональда Трампа. Уступіўшы на пасаду прэзідэнта 20 студзеня 2025 года, Трамп аб'явіў надзвычайнае становішча ў амерыканскай энэргетыцы, падпісаў шэраг указаў, накіраваных на падтрымку здабычы нафты і газу, і заявіў аб неабходнасці ўдвая павялічыць вытворчасць энэргарэсурсаў. Трамп казаў, што такія захады дазволяць ЗША "зноў стаць багатай дзяржавай", "знізіць кошты практычна на ўсе тавары і паслугі" і дасягнуць статусу "вытворчай звышдзяржавы".
Цяпер ЗША з'яўляюцца найбуйнейшай па здабычы нафты краінай у свеце. На другім месцы па здабычы нафты знаходзіцца Расея, а на трэцім - Савудаўская Арабія.
Кошты нафты працягваюць расці на фоне эскалацыі на Блізкім Усходзе. У ноч на 22 чэрвеня ЗША адкрыта ўступілі ў канфлікт Ізраіля з Іранам, нанёсшы ўдары па іранскіх ядравых аб'ектах. Пасля гэтага кошт нафты маркі Brent упершыню са студзеня перавысіў $80 за барэль. На працягу дня сітуацыя стабілізавалася, кошт жнівеньскіх ф'ючэрсаў нафты Brent апусціўся ніжэй за $77 за барэль.
Мэтай атакі Трамп назваў "ліквідацыю ядравай пагрозы, якая зыходзіць ад дзяржавы - спонсара тэрарызму нумар адзін у свеце". Улады Ірана неаднаразова адмаўлялі планы стварэння ядравай зброі.