Трамп паставіў на месца Мядзведзева
- 23.06.2025, 18:59
- 37,724

Прэзідэнт ЗША адрэагаваў на заяву намесніка старшыні Савета бяспекі РФ аб ядравай зброі для Ірана.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп адказаў на заяву былога прэзідэнта Расеі Дзмітрыя Мядзведзева аб магчымасці перадачы Ірану ядравых боегаловак. Аб гэтым ён напісаў на сваёй старонцы ў Truth Social.
"Няўжо я чуў, як былы прэзідэнт Мядзведзеў з Расеі так няўзнак кідаецца словам на "літару Я" (ядравы!), і кажа, што ён і іншыя краіны збіраюцца перадаць Ірану ядравыя боегалоўкі?" - задаўся рытарычным пытаннем Дональд Трамп.
"Ён сапраўды гэта сказаў, ці гэта мне падалося?" - напісаў Трамп. Ён заклікаў неадкладна пацвердзіць гэтую інфармацыю, калі яна адпавядае сапраўднасці. "Я-слова" не трэба выкарыстоўваць так легкадумна", - дадаў ён.
Трамп таксама заявіў, што менавіта праз такія выказванні Пуцін "і з'яўляецца босам".
Акрамя таго, ён зноў успомніў нядаўнія ўдары ЗША па Іране, падкрэсліўшы, што амерыканскія ядравыя падводныя лодкі — "самая магутная і самая смяротная зброя, якая калі-небудзь створаная". Са слоў прэзідэнта, падчас апошняй аперацыі 30 крылатых ракет Tomahawk былі выпушчаны з субмарын і "ўсе 30 трапілі дакладна ў цэль".
"Акрамя нашых вялікіх лётчыкаў, дзякуй капітану і экіпажу!" - дадаў Трамп.
Раней Мядзведзеў заявіў, што амерыканскія авіяўдары па іранскіх ядравых аб'ектах не нанеслі крытычнай шкоды, а сама праграма па ўзбагачэнні ўрана ў Іране будзе працягвацца, "уключаючы вытворчасць ядравай зброі". Ён таксама заявіў, што шэраг краін нібыта гатовы перадаць Ірану ўласныя ядравыя боегалоўкі. Акрамя таго, ён высмеяў Трампа за тое, што той, з ягоных слоў, "уцягнуў ЗША ў новую вайну" і "можа забыцца пра Нобелеўскую прэмію міру".