Украінскі Нафтагаз адсудзіў у расейскага Газпрама $1,37 млрд за невыкананне кантракту
3- 23.06.2025, 21:13
- 3,808

Пастанова арбітражу.
НАК «Нафтагаз Украіны» перамог у міжнародным арбітражы супраць расейскага Газпрама, паведаміў кіраўнік кампаніі Сяргей Карэцкі.
Арбітражны трыбунал у Швэйцарыі абавязаў Газпрам выплаціць $1,37 млрд на карысць украінскай кампаніі за парушэнне прынцыпу take or pay, прадугледжанага транзітным кантрактам.
Справа тычыцца спынення Газпрамам аплаты за транзіт расейскага газу праз Украіну з траўня 2022 года, калі Украіна адмовілася транспартаваць газ праз акупаваную тэрыторыю Луганскай вобласці. Аднак Нафтагаз не адмовіўся ад транзітных паслуг, а проста прапанаваў перанесці іх у пункт Суджа ў Сумскай вобласці.
Расея не захацела, перастала плаціць закантрактаваныя аб'ёмы транзіту, таму Нафтагаз ініцыяваў арбітраж у Швэйцарыі паводле швэдскага права.
«У верасні 2022 года Нафтагаз ініцыяваў арбітраж, які Газпрам спрабаваў заблакаваць праз расейскія суды. Гэта не спрацавала. Цяпер ёсць канчатковая пастанова: трыбунал з арбітраў са Швэцыі, Швэйцарыі і Ізраіля цалкам стаў на бок Нафтагаза», – напісаў Карэцкі ў Facebook.