Вызвалены з турмы ў Беларусі грамадзянін Латвіі: За тры гады страціў 26 кілаграмаў
13- 24.06.2025, 14:08
- 18,330

Аповед Дзмітрыя Міхайлава.
За тры гады страціў 26 кілаграмаў і цалкам пасівеў — такім з турмы ў Беларусі вярнуўся ў Рыгу палітвязень, грамадзянін Латвіі Дзмітрый Міхайлаў. Яго злачынствам была крытыка рэжыму ў інтэрнэце. Яго арыштавалі праз паўтара года пасля выказаных каментароў, судзілі і далі чатыры гады турмы, паведамляе lsm.lv.
Прызначаныя чатыры гады зняволення павінны былі скончыцца 19 лістапада — на наступны дзень пасля Дня незалежнасці Латвіі і за два дні да 48-годдзя Дзмітрыя. Ён выглядае старэйшым. Цалкам сівы. І ў той момант, калі яго з мяшком на галаве і ў кайданках везлі для перадачы Латвіі, ён думаў, што яго вязуць на расстрэл.
«Селі ў аўто ... і ў мяне была толькі адна думка — каб стралялі ў галаву. Каб адразу расстралялі», - сказаў ён.
Але першая паездка скончылася ў Менску. «Нас было 14, таму што Сяргея Ціханоўскага трымалі асобна. Дзве жанчыны таксама асобна. І адзін японец ... - як ён туды трапіў? Нас прывезлі ў лес каля мяжы. І амерыканцы там ужо падрыхтавалі мікрааўтобус. Амерыканец кажа - вы ў бяспецы... гэта быў эмацыйны момант для ўсіх нас...» - расказаў са слязамі вызвалены мужчына.
Ён выказаў падзяку спецыяльнаму прадстаўніку ЗША Кіту Келагу і ягонаму памочніку Джону Коўлу. Ён таксама падзякаваў Літве за тое, што іх прынялі. А самую вялікую падзяку ён выказаў амбасадару Латвіі ў Літве Сальвеі Сілкалне. «Калі б мог, я хацеў бы сустрэцца і падарыць кветкі консулу Сінціі [Паўрай] з Віцебска. Яна прыязджала на кожнае судовае пасяджэнне! Гэта 300 кіламетраў у адзін бок», - сказаў ён.
Да суда Дзмітрый у Менску валодаў некалькімі крамамі. Бізнэс ішоў добра. Ён прызнаў: «У мяне былі ружовыя акуляры. Менск - супергарад. Усё было добра. Тая карціна была прыгожая. Я бачыў там патэнцыял. Двухмільённы горад... з боку КДБ не было прэтэнзій. Да тых маіх каментароў».
Падчас пандэміі COVID блізу 130 прадпрымальнікаў у «Signal» стварылі закрытую групу, каб змагацца за зніжэнне арэнды. Паралельна пачаліся пратэсты ў Менску, Відэа якіх трапілі ў інтэрнэт. «І я пачаў іх каментаваць», - сказаў Дзмітрый, удакладніўшы, што ніякіх паведамленняў не пісаў, калі быў у Беларусі. «Я спытаў у суддзі - я грамадзянін Еўразвязу, знаходзячыся ў Латвіі, нешта каментаваў у закрытай групе. Я з'ехаў праз паўтара года. Мяне арыштавалі».
Дзмітрый падкрэслівае, што такія проста законы. Калі ў групе размовы больш за два чалавекі - гэта ўжо сродак масавай інфармацыі. Дзейны рэжым там не крытыкуюць. Кожны, хто плануе паездку ў Беларусь, павінен гэта ведаць. Ён сказаў: «Усе грамадзяне Латвіі, якія думаюць, што могуць паехаць туды — добра, едзьце. Але ведайце: калі нешта выпадкова... калі ў вашым тэлефоне будзе перапіска са сваяком у Латвіі пра ўладу, нават толькі фраза, што не трэба здымаць санкцыі... — шэсць гадоў турмы.
У турме больш за ўсё сумаваў па сыну і дачцэ. Калі яго арыштавалі, сыну было 18, дачцэ — дзевяць. І сумаваў па латвійскай ежы. «Адзіная краіна, што вырабляе добры жытні хлеб - гэта Латвія. Я сумаваў па Serenāde ад Laimas. Па сырках Kārums. І па расоле. Я там схуднеў на 26 кілаграмаў і пастарэў на 10 гадоў, але пяць гадоў я страціў у пятніцу, калі мяне везлі з тым мяшком на галаве», — сказаў ён.
Дзмітрый нічога не чуў пра фільм Straume («Паток«) і яго поспех на «Оскары». Хоча паглядзець. А пасля званка сына два гады таму даведаўся, што латвійскія хакеісты здабылі бронзу на чэмпіянаце свету.
Дзмітрый сказаў: «Я рускі, але я латвіец. У мяне няма іншай Радзімы, уся радня ў Латвіі, родавыя могілкі ў Латвіі, я люблю Латвію... якія ў мяне могуць быць пачуцці. Я чытаў у каментарах на Delfi - якія яны латвійцы, якія яны латвійцы... я не думаю, што нам трэба так расколвацца. Я люблю Латвію, іншай Радзімы ў мяне няма».
Цяпер яму трэба шукаць працу, бо ягоныя кампаніі больш не існуюць. Але спачатку ён паедзе наведаць свайго бацьку.