12 лiпеня 2025, Субота, 22:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як экс-ахоўнік Лукашэнкі стаў ворагам беларускага футбола №1

8
Як экс-ахоўнік Лукашэнкі стаў ворагам беларускага футбола №1
Міністр спорту Сяргей Кавальчук

Міністр спорту прапануе пазбавіць Беларусь футбольнай незалежнасці.

Міністр спорту Сяргей Кавальчук заявіў, што Беларусь зацікаўленая ў правядзенні супольнага з Расеяй футбольнага чэмпіянату. Сайт UDF распавядае, як былы ахоўнік Лукашэнкі зноў паставіў сваю кампетэнтнасць пад сумнеў.

У кулуарах Пецярбуржскага міжнароднага эканамічнага форуму (ПМЭФ) міністр спорту Беларусі заявіў “Матч ТВ”, што наша краіна нібыта зацікаўленая ў правядзенні супольнага з Расеяй футбольнага чэмпіянату, але пытанне неабходна абмяркоўваць з Звязам еўрапейскіх футбольных асацыяцый (УЕФА).

"Мы размаўлялі пра гэта з (міністрам спорту РФ) Міхаілам Уладзіміравічам Дзегцяровым, ведаю, што і на ўзроўні футбольных федэрацый такія размовы ідуць. Але мы прыйшлі да высновы, што патрэбны трэці бок, мы, Беларусь і Расея, павінны разам з УЕФА абмеркаваць гэта. Мы зацікаўлены ў гэтым, ёсць прыклад КХЛ, дзе гуляе менскае “Дынама”, дзе ёсць ажыятаж, трыбуны запоўненыя кожны матч. Гуляем з моцнымі спаборнікамі, расцём побач з вамі, таму што Расея — вялікая хакейная дзяржава, лідар сусветнага хакея”, – сказаў Сяргей Кавальчук.

Чаму словы былога ахоўніка Лукашэнкі, прызначанага ім міністрам у 2018 годзе, ставяць кампетэнтнасць міністра пад вялікае пытанне?

Удзел у чэмпіянаце Расеі пазбавіць беларускія клубы магчымасці гуляць у еўракубках.

Пасля нападу РФ на Украіну, расейскія клубы і каманда краіны сталі выгнанцамі на міжнароднай арэне – яны адхіленыя ад удзелу ў міжнародных матчах. Кавальчук жа фактычна прапануе тое ж самае зрабіць з беларускімі клубамі.

УЕФА дапускае правядзенне толькі нацыянальных чэмпіянатаў, кантралюючы наднацыянальны ўзровень у выглядзе еўракубкаў. Калі коратка, то беларускія клубы стануць удзельнічаць у чэмпіянаце РФ, то яны не змогуць гуляць з еўрапейскімі камандамі.

А гэта ўдар і па прэстыжу (часам, сціплым клубам з Беларусі шанцуе згуляць з вядомымі камандамі), і па фінансавых даходах – згуляўшы ў еўракубках, нашы каманды маюць магчымасць нядрэнна зарабіць.

А яшчэ гэта наймацнейшы ўдар па гонару: гуляць у чэмпіянаце Расеі - фактычна прызнаваць, што Беларусь з'яўляецца яе часткай.

У чэмпіянаце Расеі беларускія клубы чакае сумны лёс

Кавальчук падаў як прыклад удзел менскага “Дынама” ў Расейскай Кантынентальнай хакейнай лізе. Але гэты прыклад вельмі некарэктны з многіх прычын. У тым ліку таму, што Еўрапейскі хакей кіруецца зусім іншымі правіламі.

І трэба ўлічваць, што хакейнае "Дынама-Мінск" цягне велізарныя грошы з беларускіх прадпрыемстваў. Яго бюджэт складае амаль 6,5 млн даляраў на адзін сезон, а галоўны спонсар – “Беларуськалій”.

Дазволіць сабе фінансаваць на такім узроўні іншыя каманды краіна проста не можа (шчыра кажучы, і хакей не можа – але ўлады намагаюць).

Дык што ж тады будзе з беларускімі футбольнымі клубамі, калі яны заявяцца ў чэмпіянат РФ? Наўрад ці хто-небудзь з іх зможа гуляць у прэм'ер-лізе (першым дывізіёне). Бюджэты самых бедных расейскіх каманд там блізу 10 млн даляраў, сераднякоў 30-40 млн даляраў, лідараў блізу 100 млн даляраў.

Значыць, беларускія каманды вымушаныя будуць гуляць у ніжэйшых расейскіх дывізіёнах, матаючыся па глыбінцы РФ і пераадольваючы тысячы кіламетраў шляху. І вымушаныя будуць за гэта яшчэ і плаціць са сваёй кішэні.

І гэта замест таго, каб гуляць з еўрапейскімі клубамі і зарабляць на еўракубках?

Што ў галаве ў Сяргея Кавальчука?

Словы міністра спорту Беларусі паставілі ў нявыкрутку не толькі беларускіх, але і расейскіх заўзятараў. "Відаць, і ў беларусаў міністр спорту не бліскае розумам”, – пішуць у каментарах.

Незразумела таксама, навошта расейскім клубам удзел у іх чэмпіянаце каманды з Беларусі.

Былы галоўны трэнер зборнай РФ Барыс Ігнацьеў заявіў "Матч ТВ", што не бачыць плюсаў ад аб'яднання чэмпіянату з беларускім:

“Калі беларускія клубы штучна ўвойдуць у нашу лігу, гэта будзе нонсэнс. Як гэта будзе выглядаць? Хай адваёўваюць месца пад сонцам праз другую лігу, першую лігу. Трэба выконваць спартыўны прынцып. Я не бачу ніякай перавагі для нашага футбола ад злучэння чэмпіянату з беларускім".

Былы ахоўнік Лукашэнкі і раней не бліскаў розумам на пасадзе міністра спорту, займаючыся ў асноўным рэпрэсіямі супраць іншадумцаў-спартоўцаў. Але апошняя ягоная заява - гэта ўжо выхад на новы ўзровень.

Магчыма, Кавальчук больш не адчувае тармазоў пасля перамогі ў апаратнай вайне супраць былога кіраўніка федэрацыі футбола Мікалая Шарстнёва, які пераведзены Лукашэнкам на працу ў Кіраўніцтва спраў прэзідэнта.

Цяпер міністр спорту замацоўваецца ў статусе ворага беларускага футбола №1.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках