Як Лукашэнка расчысціў дарогу для бізнэсу сярэдняга сына
16- 24.06.2025, 14:09
- 13,064

Дзмітрый Лукашэнка валодае 45% кампаніі «Гандлёвы дом «БелАЗ».
23 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з губернатарам Кемераўскай вобласці - Кузбаса Расейскай Федэрацыі Іллём Серадзюком. Сярод іншага гаворка зайшла аб пастаўках беларускай кар'ернай тэхнікі ў гэты рэгіён, піша сайт «UDF».
Правадыр Беларусі адзначыў, што ў Кемераўскай вобласці шырока выкарыстоўваецца беларуская тэхніка, запатрабаваныя самаскіды БЕЛАЗ. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у пэўным сэнсе Кузбас нават з'яўляецца своеасаблівым выпрабавальным палігонам для беларускай прадукцыі: у гэты рэгіён сыходзяць самыя перадавыя ўзоры.
У канцы 1990-х наведваў Кемераўскую вобласць. Кузбасам тады кіраваў губернатар Аман Тулееў.
«Мы даволі адкрыта абмяркоўвалі нашы праблемы ва ўзаемадачыненнях. Мы з ім былі вельмі дружныя, нашы погляды шмат у чым супадалі. Але мы абмяркоўвалі праблему пэўнай дарагоўлі нашай тэхнікі, якую мы туды пастаўляем. Ён мне шчыра казаў: «Неяк дарагавата». Я ведаю, чаму. Пасярэднікаў процьма было. Я кажу: «Ёсць магчымасць гэта вельмі проста развязаць». – «Як?» - «Давай дамовімся, Аман, так: я прывожу сюды беларускімі коштамі тэхніку, а далей ты прадавай каму палічыш патрэбным і забірай гэтую нацэнку ад гандлю і гэтак далей. Але тады да мяне прэтэнзій не будзе». Я выразна ўспамінаю сваю сустрэчу з тым губернатарам і маю прапанову», - расказаў Лукашэнка.
І сапраўды, на працягу дзесяці гадоў непажаданыя пасярэднікі ў гандлі з Кузбасам практычна зніклі, а іх месца заняў «Прэзідэнцкі спартыўны клуб» (ПСК), які ўзначальвае сярэдні сын Лукашэнкі – Дзмітрый.
Супольнае прадпрыемства, створанае вытворцам кар'ерных самаскідаў «БелАЗ-холдынгам» і ПСК, з'яўляецца эксклюзіўным прадстаўніком прадукцыі жодзінскага завода на рынку Расеі. Фактычна, адзін з флагманаў беларускай прамысловасці ператварыўся ў кармушку для «сям'і Лукашэнкі».
У журналісцкім расследаванні, якое ў 2022 годзе апублікаваў Беларускі даследчы цэнтр, сцвярджалася, што Дзмітрый Лукашэнка праз ПСК валодае 45% кампаніі «Гандлёвы дом «БелАЗ». І далей, карыстаюся правам дзяржаўнай манаполіі на гандаль самаскідамі ў Расеі, рэалізуе кар'ерную тэхніку праз прыватныя кампаніі жонак сваіх мэнэджараў, звязаных з жонкай сярэдняга сына беларускага дыктатара Ганнай Лукашэнкай.
Прычым прыбыткі гэтых кампаній, адзначалася ў расследаванні, параўнальныя з прыбыткам самога «БелАЗа». З 2017 да 2022 года іх уладальнікі выплацілі сабе дывідэндаў на суму амаль 100 мільёнаў даляраў.
Натуральна, што з такімі бонусамі сярэдні сын Лукашэнкі з жонкай жывуць ні ў чым сабе не адмаўляючы. Нявестка Лукашэнкі пад псеўданімам Ганна Сялук нават у вольную часіну стала складаць песні.
У снежні 2023 года Лукашэнка ўзнагародзіў Ганну прэміяй «За вялікі асабісты ўклад у развіццё сучаснага музычнага мастацтва, рэалізацыю сацыяльна значных культурных ініцыятыў».
Акрамя таго, як паведамляў «Белсат», два апошнія гады яна таксама атрымлівала прэмію «Песня года Беларусі» як найлепшы аўтар слоў.
А ў 2024 годзе Ганна Сялук атрымала яшчэ і прэмію «Шансон года» ад расейскай радыёстанцыі «Шансон», якой валодае даўні сябар Лукашэнкі, расейскі алігарх Міхаіл Гуцарыеў.
На ўручэнне такой важнай узнагароды Ганна паляцела ўрадавым бізнэс-джэтам, гэта значыць за грошы падаткаплатнікаў. А магла ж і за свае злётаць…