Ізраіль ліквідаваў яшчэ аднаго ключавога іранскага навукоўца-ядзерніка
- 24.06.2025, 15:41
- 3,224

У выніку апошніх удараў па поўначы Тэгерана.
У выніку апошніх удараў на поўначы Тэгерана загінуў высокапастаўлены навуковец Махамад Рэза Седзігі Сабер. Паводле звестак іранскіх СМІ, ён датычны да ядзернай праграмы Ірана, паведамляе CNN.
Сабер працаваў над праектамі ў распрацоўцы выбуховых прылад у іранскай арганізацыі SPND, якая займаецца абароннымі даследаваннямі.
ЗША раней наклалі на яго санкцыі праз ягоную ролю ў праграме стварэння ядзернай зброі.
Гэта ўжо не першая мэтавая ліквідацыя навукоўцаў. Са звестак Рады ў міжнародных дачыненнях, за апошнія 12 дзён у выніку Ізраільскіх удараў загінулі прынамсі 10 ключавых іранскіх спецыялістаў, сярод якіх - Ферэйдун Абасі, былы кіраўнік арганізацыі атамнай энэргіі Ірана, і Амір Хасэйн Фекхі, былы ягоны намеснік.
Офіс прэм'ер-міністра Ізраіля Біньяміна Нетаньяху пацвердзіў ліквідацыю яшчэ аднаго іранскага навукоўца, але імя не назваў.
У заяве гаворыцца, што за апошнія дні Войска абароны Ізраіля (ЦАХАЛ) «ударыла па ключавых цэлях рэжыму ў цэнтры Тэгерана, знішчыла сотні баевікоў «Басідж» і ліквідавала высокапастаўленага навукоўца-ядзерніка».