9 лiпеня 2025, Серада, 17:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

NATO замінуе ўсю мяжу з Беларуссю і РФ ад Фінляндыі да Польшчы

19
NATO замінуе ўсю мяжу з Беларуссю і РФ ад Фінляндыі да Польшчы

Новая жалезная заслона.

Пяць краін, што мяжуюць на ўсходзе Еўропы з Расеяй і Беларуссю, маюць намер выйсці з Атаўскай Канвенцыі аб забароне супрацьпяхотных мін, каб выкарыстоўваць іх для абароны сваіх межаў. Да канца чэрвеня яны плануюць афіцыйна паведаміць ААН аб выхадзе з дамовы, каб з канца гэтага года пачаць мінаваць магчымыя шляхі ўварвання войска Уладзіміра Пуціна, піша The Telegraph.

Ад Лапландыі на поўначы Фінляндыі да Люблінскага ваяводства на ўсходзе Польшчы, на ўсёй усходняй мяжы Еўропы і альянсу NATO працягласцю блізу 3440 км, «вось-вось апусціцца новая і выбухованебяспечная жалезная заслона», адзначае газета. Усе краіны Еўразвязу ўжо даўно падпісалі дамову ААН, накіраваную на забарону выкарыстання супрацьпяхотных мін, але сітуацыя радыкальна змянілася праз вайну ва Украіне, якая ідзе чацвёрты год. Паводле ацэнак заходніх вайскоўцаў і выведнікаў, Расея можа цягам 2-5 гадоў пачаць ваенныя дзеянні супраць адной або некалькіх краін NATO.

Сама Расея ніколі не абмяжоўвала сябе рамкамі міжнароднай дамовы. Паводле звестак Landmine Monitor 2024 Report, у той час як еўрапейскія краіны ў апошнія два з лішнім дзесяцігоддзі знішчалі запасы супрацьпяхотных мін, Расея свой толькі папаўняла. Летась яна назапасіла больш за 26 млн гэтых прылад і актыўна ўжывае іх ва Украіне. Для параўнання: у Пакістана, які ішоў на 2-м месцы, 6 млн такіх мін, у Кітая, які займае 3-е месца, - 5 млн.

Адным з самых актыўных змагароў за забарону супрацьпяхотных мін была прынцэса Дыяна. Урад прэм'ер-міністра Вялікай Брытаніі Тоні Блэра далучыўся да яе кампаніі, забараніўшы вытворчасць і экспарт такіх мін праз чатыры тыдні пасля прыходу да ўлады ў 1997 годзе. Цяпер брытанскія ўлады не выступалі публічна супраць пастановы пяці ўсходнееўрапейскіх краін выйсці з Атаўскай канвенцыі. Наадварот, краіны Еўропы імкліва ўзбройваюцца, каб супрацьстаяць расейскай агрэсіі.

Краіны Балтыі могуць стаць яе першымі ахвярамі, ацэньваюць вайсковыя планавальнікі NATO. Былы міністр замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбэргіс выказаў здагадку, што ў якасці падставы пуцінская ўлада можа выкарыстоўваць цягнік «Масква – Калінінград», які праходзіць па тэрыторыі Літвы, піша Bloomberg: арганізаваць яго прыпыненне і паслаць войскі для «выратавання» расейскіх грамадзян. Расея можа паспрабаваць увесці войскі і ў іншыя краіны Балтыі, узяць пад кантроль Балтыйскае мора і захапіць Сувальскі калідор (надзел зямлі паміж Літвой і Польшчай, які аддзяляе Беларусь ад Калінінградскай вобласці).

Літва ў гэтай сітуацыі знаходзіцца ў найбольш складаным становішчы. Самай вялікай з краін Балтыі трэба будзе замінаваць мяжу з Беларуссю, якую Пуцін ужо выкарыстаў для ўварвання ва Украіну і можа зноў выкарыстоўваць у якасці плацдарма, а таксама мяжу з Калінінградскай вобласцю.

«З таго часу, як мы далучыліся да Атаўскай канвенцыі ў 2003 годзе, сітуацыя з нашай бяспекай значна пагоршыліся, – сказаў The Telegraph міністр абароны Літвы Давіле Шакалене. - Незаконная захопніцкая вайна Расеі супраць Украіны, сістэматычныя парушэнні ёю міжнароднага права і вайсковыя правакацыі на нашых межах з Расеяй і Беларуссю ўяўляюць сабой экзістэнцыяльную пагрозу».

Літва, якая плануе давесці выдаткі на абарону да 5,5% ВУП, выдзеліла 800 мільёнаў еўраў на вытворчасць супрацьтанкавых і супрацьпяхотных мін.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках