WSJ: У Еўропе спадзяюцца, што змогуць пераканаць Трампа прадаць Украіне зброю
- 24.06.2025, 20:41
- 2,144

Кіеву патрэбныя сістэмы СПА.
Еўрапейскія чыноўнікі спадзяюцца, што прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас сустрэчы з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам на палях саміту NATO ў Гаазе зможа пераканаць яго прадаць сістэмы супрацьпаветранай абароны.
Пра гэта паведамляе Wall Street Journal у аўторак, 24 чэрвеня, спасылаючыся на крыніцы.
Як сказана ў матэрыяле, еўрапейскія чыноўнікі ў прыватных размовах таксама абмяркоўвалі магчымасць фінансавання будучых паставак амерыканскай зброі.
Ваенная дапамога Украіне, якая была ўхваленая ў часы прэзідэнцтва Джо Байдэна, вычэрпваецца, пры гэтым адміністрацыя Трампа не прапануе новую, піша WSJ.
Паводле словаў прадстаўнікоў NATO, гэта не прывядзе да краху фронту і пры цяперашняй сітуацыі Украіна зможа пратрымацца яшчэ год.
«Мы мяркуем, што гэта не прывядзе да поўнага калапсу за 12 месяцаў. Магчыма, у вас будзе яшчэ год, але Украіна… будзе надзвычай знясіленая… Мы будзем назіраць недахоп сродкаў супрацьпаветранай абароны, танкавых брыгадаў і ракетных запасаў», – адзначыў высокапастаўлены чыноўнік NATO, які гаварыў на ўмовах ананімнасці.
Паводле словаў трох еўрапейскіх чыноўнікаў, партнёры Украіны змогуць пераканаць Трампа прадаць Кіеву зброю, калі яны дадуць на гэта грошы ці калі гэта зробіць сама Украіна, напрыклад у выглядзе крэдытаў.
Як адзначыў адзін з чыноўнікаў, усё будзе залежаць ад жаданняў Трампа, паколькі адміністрацыя амерыканскага прэзідэнта неахвотна робіць крокі, якія, на яе думку, могуць раззлаваць Крэмль і падарваць намаганні прэзідэнта ЗША ў мірных перамовах або збліжэнні з Масквой.
Чыноўнік з Офіса прэзідэнта заявіў, што ў выпадку сустрэчы з Трампам у Гаазе Зяленскі будзе прапаноўваць яму прадаць Украіне «вялікі пакет» амерыканскай зброі, а менавіта сродкаў СПА.
Раней Зяленскі заяўляў, што плануе сустрэцца з Трампам на палях саміту NATO, які праходзіць 24–25 чэрвеня ў Гаазе. Сам прэзідэнт ЗША не выключыў, што сустрэнецца з украінскім прэзідэнтам.